Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 студзеня 2018, 14:03

ЕБРР інвесціруе ў фармацэўтычную галіну Беларусі да 5 млн еўра

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця інвесціруе ў фармацэўтычную галіну Беларусі да 5 млн еўра, паведаміў сёння журналістам кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прадаставіць ТАА "Кіруючая кампанія холдынга "Аптэка груп" крэдыт да 5 млн еўра на пяць гадоў. Гэта першы мезанінны крэдыт, арганізаваны ЕБРР у Беларусі. "Мезаніннае крэдытаванне, у якое ўбудаваны долевыя інструменты і якое, як правіла, з'яўляецца прамежкавым варыянтам паміж даўгавым і долевым фінансаваннем, распаўсюджана на міжнародных рынках, але ў Беларусі ўводзіцца толькі цяпер", - растлумачылі ў банку.

Мяркуецца, што беларускія спажыўцы атрымаюць доступ да больш шырокага спектра высакаякасных лекавых прэпаратаў у выніку адкрыцця новых аптэк па ўсёй Беларусі. Пашырэнне буйнейшага фармацэўтычнага холдынга краіны - "Аптэка груп", якое падтрымліваецца ЕБРР, прадугледжвае адкрыццё да 160 новых аптэк да канца 2021 года.

Як растлумачыў кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі, гэта здзелка важная па шэрагу прычын. "Па-першае, гэта падтрымка пашырэння іграка, які добра зарэкамендаваў сябе на рынку і клапоціцца аб дабрабыце людзей у Беларусі. Па-другое, мы ўводзім новыя фінансавыя прадукты ў краіне, што дасць больш гібкасці нашым кліентам", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў старшыні Савета дырэктараў холдынга "Аптэка груп" Леаніда Томчына, гэта першы праект мезаніннага валютнага фінансавання, які ажыццяўляецца ЕБРР непасрэдна ў фармацэўтычны холдынг з беларускім рэзідэнцтвам. "Яго рэалізацыі папярэднічалі працяглыя перагаворы і сур'ёзная работа аналітыкаў, юрыстаў, кансультантаў. Заключанае намі сёння пагадненне з ЕБРР сведчыць аб усё большай цікавасці і даверы міжнародных фінансавых арганізацый да эканамічнага развіцця прадпрыемстваў нашай краіны і дае дадатковы прыток валютных сродкаў у эканоміку Беларусі. Спадзяёмся, што наш прыклад адкрые акно новых фінансавых магчымасцей для беларускіх кампаній", - заявіў ён.

Леанід Томчын расказаў, што ў холдынг "Аптэка груп" уваходзіць 201 аптэка, 46 аптэк былі адкрыты ў 2017 годзе. "Гэта здзелка дасць магчымасць нам на працягу пяці гадоў падвоіць колькасць аптэк пад нашымі брэндамі Adel і "Добрыя Лекi", а таксама павысіць кампетэнцыю сваёй дзейнасці, прыцягваючы вопыт еўрапейскіх экспертаў", - адзначыў ён.

З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвесціраваў амаль 2 млрд еўра ў 95 праектаў у розных сектарах эканомікі краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі