Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 студзеня 2019, 16:14

ЕАБР у 2019 годзе чакае зніжэнне націску на нацыянальныя валюты краін банка

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўразійскі банк развіцця ў 2019 годзе чакае зніжэнне націску на нацыянальныя валюты краін - удзельніц банка. Такі прагноз змешчаны ў штомесячным макрааглядзе ЕАБР, паведамляе БЕЛТА.

"Гэтаму будуць садзейнічаць прагназуемае аднаўленне цэн на нафту ў выніку абмежавання здабычы ў рамках ОПЕК+, а таксама верагоднае зніжэнне маштабаў адтоку капіталу ў сувязі з запаволеннем або спыненнем росту працэнтных ставак у развітых краінах (перш за ўсё ў ЗША)", - лічаць эканамісты ЕАБР.

Паводле ацэнкі банка, павышаная валацільнасць абменных курсаў краін ЕАБР у 2018 годзе фарміравалася на фоне нестабільнасці цэн на энерганосьбіты і ўзмацнення геапалітычных рызык, што суправаджалася значным адтокам капіталу з рэгіёна.

З пункту гледжання дынамікі інфляцыйных працэсаў 2019 год можа характарызавацца адсутнасцю адзінага для краін ЕАБР трэнда. Паскарэнне інфляцыі ў Расіі, верагодна, будзе мець часовы характар, лічаць эканамісты банка. У астатніх краінах ЕАБР інфляцыя чакаецца ў межах мэтавых арыенціраў цэнтральных банкаў.

Нягледзячы на зніжэнне інфляцыі і стабілізацыю эканамічнага росту ў краінах ЕАБР, захоўваецца няпэўнасць далейшых перспектыў развіцця. "Рызыкі для эканомік рэгіёна ў першую чаргу звязаны з магчымым узмацненнем санкцый адносна РФ, запаволеннем росту глабальнай эканомікі на фоне росту гандлёвага пратэкцыянізму і павышанай валацільнасцю на сусветных таварным, валютным і фондавым рынках", - гаворыцца ў макрааглядзе.

Чакаецца, што эканамічная палітыка краін ЕАБР у 2019 годзе захавае накіраванасць на падтрыманне макраэканамічнай стабільнасці і пашырэнне патэнцыялу росту.

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) - міжнародная фінансавая арганізацыя, заснаваная Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года ў мэтах садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Статутны капітал ЕАБР складае $7 млрд. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі