Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 кастрычніка 2025, 14:21

Адзіны дакумент пра будучае краіны. Як плануюць дапрацаваць праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як плануюць дапрацаваць праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026-2030 гады, расказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім створана рабочая група па дапрацоўцы праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026-2030 гады. У склад гэтай групы ўключаны дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, дзеючыя і былыя кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады, арганізацый рэальнага сектара эканомікі, навуковых і грамадскіх арганізацый. Кіраўніком назначаны Раман Галоўчанка. Першае пасяджэнне рабочай групы прайшло сёння ў Нацбанку.

Асаблівасцю праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026-2030 гады з'яўляецца тое, што яна ўпершыню падлягае зацвярджэнню на Усебеларускім народным сходзе ў адпаведнасці з прынятымі змяненнямі ў Канстытуцыю. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, прапановы па дапрацоўцы праграмы перш за ўсё датычацца выкарыстання сістэмнага падыходу ў выбудоўванні прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, забеспячэння іх узаемаўвязкі з актуальнымі праблемамі і перспектывамі развіцця. "Таксама была звернута ўвага на недастатковую напружанасць асобных індыкатараў, недастатковасць новых інавацыйных праектаў развіцця краіны і г.д. Асноўнай мэтай створанай такой прадстаўнічай рабочай групы з'яўляецца аператыўная дапрацоўка праекта праграмы з улікам меркавання членаў Усебеларускага народнага сходу. Асабліва падкрэслю, што наша задача - не напісаць нейкі новы дакумент, нагадаю, што канцэпцыю праекта ў цэлым кіраўнік дзяржавы ўзгадніў. Работа праведзена вялікая, і базавую аснову дакумента мы падтрымліваем. Але неабходна глянуць на выбраныя прыярытэты, напрамкі і задачы комплексна, пад рознымі вугламі. Мэта ў нас адна - зрабіць адзіны дакумент будучага развіцця краіны. І гэты дакумент павінен быць максімальна простым для ўспрымання, каб кожнаму грамадзяніну было зразумела, якіх мэт плануе дасягнуць краіна за бліжэйшыя пяць гадоў", - адзначыў ён.

Кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што работа з праектам праграмы павінна весціся ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства аб дзяржаўным прагназаванні. Там прапісана іерархія пабудовы праграмы.

"На наш погляд, прыярытэты павінны быць канкрэтнымі і адначасова аб'ёмнымі, накіраванымі на дасягненне мэт пяцігодкі, садзейнічаць устараненню астатніх сістэмных дыспрапорцый. Пакуль мы бачым, што некаторыя прыярытэты выглядаюць даволі вузкімі, хутчэй з'яўляюцца інструментамі дасягнення больш шырокіх задач. Напрыклад, арэнднае жыллё, рамонт і будаўніцтва дарог і гэтак далей. Акрамя таго, павінна быць забяспечана спалучанасць гэтых прыярытэтаў з прыярытэтамі нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года. Нагадаю, іх там пяць: сямейныя каштоўнасці і асобасны рост, якасная адукацыя, тэхналагічная незалежнасць і пабудова інтэлектуальнай эканомікі, канкурэнтнае і даступнае бізнес-асяроддзе, экалагічная бяспека і рэсурсаэфектыўнасць. Адсюль і задача рабочай групы - трэба ўдакладніць прыярытэты пяцігодкі", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Яшчэ да першага пасяджэння члены рабочай групы сфармулявалі прапанаваныя прыярытэты. Іх атрымалася шэсць. "Першы - захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям'і. Другі - развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы. Трэці - стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця. Чацвёрты - рост канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі і паскарэнне тэхналагічнага развіцця. Пяты - лічбавая трансфармацыя эканомікі і дзяржаўнага кіравання, развіццё эканомікі даных. Шосты - развіццё ўнікальнага патэнцыялу кожнага рэгіёна. Гэта, падкрэслю, наша папярэдняя прапанова, магчыма, вы прапануеце нешта змяніць, дапоўніць", - звярнуў увагу старшыня праўлення Нацбанка.

Калі будуць вызначаны прыярытэты, будуць і больш дакладна сфармуляваны задачы пад кожны з іх. "Гэта якраз другі аспект. Папярэдне мы бачым, што пэўная колькасць задач праграмы мае дастаткова дэкларатыўны характар. Шэраг галіновых задач маюць форму працэсу, а не выніку. Гэта значыць фокус зрушаны на працэдурныя крокі, а не на канечныя дасягненні. Таму вельмі цяжка будзе ацаніць іх выкананне. Выкарыстоўваюцца такія словы, як "паскарэнне", "павышэнне" і г.д. На наш погляд, аптымальным было б вызначыць у ключавых напрамках некалькі задач - канкрэтных і якія ўносяць істотны ўклад. Нашай рабочай групе неабходна вызначыць верхнеўзроўневыя задачы для кожнага прыярытэту. Таксама асаблівай увагі патрабуюць індыкатары выканання і іх стыкоўка з задачамі", - зрабіў акцэнт Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, узнікаюць пытанні наконт суадноснасці індыкатараў і заяўленых мэт. "Напрыклад, што датычыцца лічбавай эканомікі, там індыкатар - перавод 97 адміністрацыйных працэдур у электронны выгляд. На наш погляд, гэта не можа выступаць асноўным паказчыкам росту лічбавізацыі эканомікі. Гэта хутчэй сведчыць аб узаемаадносінах грамадства з дзяржавай і стварэнні зручнага асяроддзя для жыцця, чым уласна аб развіцці лічбавай эканомікі. Таму яшчэ адна задача рабочай групы - вызначыць, якія паказчыкі, індыкатары нам паставіць для дасягнення прыярытэтаў і задач", - абазначыў старшыня праўлення Нацбанка.

"Яшчэ адна хіба, якая кідаецца ў вочы - гэта верхнеўзроўневыя макрапаказчыкі і іх узаемасувязь з доўгатэрміновымі дакументамі. Фактычна ў праграме іх няма або вельмі мала. З аднаго боку, без такіх індыкатараў немагчыма ацаніць рэальны прагрэс, у тым ліку ў параўнанні з іншымі краінамі, у дасягненні ключавой мэты праграмы - пераходу да новых стандартаў жыцця. З другога боку, індыкатары павінны адлюстроўваць мэту па павышэнні канкурэнтаздольнасці краіны, навукаёмістасць, прадукцыйнасць і г.д. Гэта класіка, без якой немагчыма абысціся. Таму трэба паглядзець, якія макрапаказчыкі павінны быць уключаны ў праграму і, самае галоўнае, выставіць іх дастатковы ўзровень", - дадаў Раман Галоўчанка.

"Праведзеная ўрадам і Мінэканомікі работа над праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў цэлым заслугоўвае высокай ацэнкі. Але ёсць хібы, якія трэба дапрацаваць, і зрабіць гэта рабочая група зможа толькі разам з урадам. Таму вялікая нагрузка кладзецца і на Міністэрства эканомікі, і на галіновыя міністэрствы", - рэзюмаваў старшыня праўлення Нацбанка.-0-

Фота Мікалая Пятрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі