Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 красавіка 2020, 11:57

Абавязковае дэклараванне сродкаў для мыцця ўводзіцца ў Беларусі з 24 красавіка

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Суб'екты гаспадарання з 24 красавіка пры рэалізацыі ў Беларусі сродкаў для мыцця павінны мець на іх дэкларацыі аб адпаведнасці. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 18 кастрычніка 2019 года нумар 706, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Дэклараваць трэба парашкападобныя, грануляваныя, агламерыраваныя, фармованыя сродкі для мыцця (таблеткі, блокі і інш.), а таксама пастападобныя, вадкія (у тым ліку загушчаныя, уключаючы гелі). Гэта датычыцца як беларускіх, так і імпартных тавараў.

Гэтыя сродкі павінны адпавядаць патрабаванням ДАСТ 32479-2013 "Сродкі для мыцця. Агульныя тэхнічныя ўмовы" па паказчыках пенаўтваральнай і мыйнай здольнасцей. "Гэтыя паказчыкі з'яўляюцца важнейшымі спажывецкімі характарыстыкамі, якія ўплываюць як на эфектыўнасць мыцця, так і на бяспеку для спажыўца і захаванасць яго маёмасці, перш за ўсё пральных машын", - растлумачылі ў Дзяржстандарце.

Як расказалі ў прэс-службе, дэклараванне адпаведнасці ўводзіцца з-за таго, што на рынку краіны апошнім часам адзначаецца прысутнасць сродкаў для мыцця, якія не адпавядаюць устаноўленым у стандарце паказчыкам. Аб гэтым, напрыклад, сведчаць вынікі выбарачных выпрабаванняў, ініцыяваных адным з айчынных холдынгаў у 2019 годзе. У большасці закупленых ім у гандлёвай сетцы Мінска ўзораў пральных парашкоў мыйная здольнасць склала ад 26,5 працэнта да 73,2 працэнта замест не менш як 85 працэнтаў.

Паводле інфармацыі адной з выпрабавальных лабараторый, з 47 выпрабаванняў пральных парашкоў, праведзеных у 2019 годзе па паказчыку "мыйная здольнасць", 29 (больш як 60 працэнтаў) мелі адмоўныя вынікі.

У Дзяржстандарце адзначылі, што абавязковае пацвярджэнне адпаведнасці сінтэтычных мыйных сродкаў дзейнічае ў краінах-партнёрах па ЕАЭС: Расіі і Казахстане. "Гэта значыць, пры пастаўцы сваёй прадукцыі на іх рынкі айчынныя вытворцы павінны мець адпаведныя дакументы. У нашай краіне такіх абавязковых патрабаванняў не было ўстаноўлена, што стала перадумовай да нядобрасумленнай канкурэнцыі, з'яўлення на айчынным рынку прадукцыі з нізкімі спажывецкімі ўласцівасцямі і адпаведна ўвядзення спажыўцоў у зман", - лічаць у Дзяржстандарце.

Тэхнічны рэгламент "Аб бяспецы сінтэтычных мыйных сродкаў і тавараў бытавой хіміі" ў ЕАЭС распрацаваны, але пакуль не прыняты. Гэта дае краінам магчымасць устанаўліваць абавязковыя патрабаванні па пацвярджэнні адпаведнасці на нацыянальным узроўні, якія пры прыняцці адзінага тэхнічнага рэгламенту павінны быць адменены.

Дэклараванне адпаведнасці - гэта адна з форм ацэнкі адпаведнасці прадукцыі устаноўленым на яе патрабаванням. Гэта працэдура праводзіцца вытворцам або упаўнаважанай вытворцам асобай ці прадаўцом (пастаўшчыком), якія выпускаюць і рэалізуюць прадукцыю.

Цяпер з улікам прынятых часовых мер з-за COVID-19 камплект дакументаў для рэгістрацыі дэкларацыі ў орган па сертыфікацыі трэба накіроўваць у электронным выглядзе і потым адпраўляць па пошце.

Кошт рэгістрацыі дэкларацыі аб адпаведнасці ў органе па сертыфікацыі арыенціровачна складае ад Br90 да Br180 у залежнасці ад таго, гэта партыя прадукцыі або яе серыйны выпуск. Працэдура займае не больш за 5 дзён. Дэкларацыя на серыйна выпускаемую прадукцыю рэгіструецца на 5 гадоў, на партыю прадукцыі - на час тэрміну годнасці.

Прадукцыя, якая выраблена ў Беларусі або ўвезена на яе тэрыторыю да 24 красавіка, будзе рэалізоўвацца без дэкларацый аб адпаведнасці ДАСТ 32479-2013 да заканчэння свайго тэрміну годнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі