Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

У Вялікім тэатры ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу навагодняй цацкі

Культура 04.01.2019 | 13:35

4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможцаў конкурсу "Навагодняя тэатральная цацка" ўзнагародзілі 3 студзеня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладальнікам Гран-пры стала сям'я Кузняцовых, якая стварыла з пап'е-машэ дзвюх муз старажытнагрэчаскай міфалогіі: Мельпамену і Тэрпсіхору.

Першага месца ўдастоілася сям'я Семчанкаў і іх казачны персанаж Баба-Яга. Другое месца - у Дар'і Філатавай і яе Мышынага караля. Трэцяе месца - у сям'і Ставераў, якая стварыла кампазіцыю "Балет".

Забаўная Ведзьмачка Ягуня ад сям'і Емяльянавых удастоена прыза глядацкіх сімпатый. Усе пераможцы атрымалі галоўны прыз ад тэатра - магчымасць убачыць казачны балет Пятра Чайкоўскага "Шчаўкунок". Акрамя таго, партнёры і спансоры дзіцячага тэатральнага праекта заснавалі больш як 20 сваіх намінацый.

Конкурс "Навагодняя тэатральная цацка" праводзіўся пяты раз. "У гэтым годзе на конкурс былі прысланы 140 цацак ад 120 сем'яў з самых розных куткоў Беларусі. Конкурсныя работы паступалі на працягу ўсяго снежня. Пры іх вырабе выкарыстаны самыя разнастайныя матэрыялы. Прымаць удзел у такім конкурсе проста неабходна. Па-першае, гэта тое, што нас аб'ядноўвае. Па-другое, заўтра гэтыя цацкі паедуць у дзіцячы дом нумар 5 Мінска і парадуюць дзяцей часцінкай сямейнага цяпла напярэдадні Каляд і старога Новага года", - расказала намеснік гендырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Святлана Казюліна.

Паводле яе слоў, перад журы стаяў няпросты выбар. "У нас традыцыйна працавала прафесійнае журы. У яго складзе дызайнеры, камп'ютарныя графікі, людзі, якія непасрэдна займаюцца сцэнічнымі касцюмамі, галоўны мастак тэатра і многія іншыя. Паверце, выбар заўсёды зрабіць вельмі складана. Але ў конкурсе прадстаўлена больш за 25 намінацый, мы адзначылі і самага малодшага ўдзельніка, якому толькі паўтара года, і самы арыгінальны балетны персанаж, і незвычайныя матэрыялы, і вялікія, шматдзетныя сем'і, якія прымалі ўдзел, дзяцей-сірот, цэнтры дзіцячай творчасці. Ніхто не застаўся без увагі", - дадала намеснік гендырэктара.

Яна падкрэсліла, што абсалютна ўсе ўдзельнікі атрымалі дыпломы. Акрамя таго, заснаваны спецыяльны прыз ад Вялікага тэатра - гэта экскурсія па тэатры ў зручны для сям'і час і магчымасць наведаць сусветна вядомы спектакль "Лебядзінае возера". Такога права ўдастоена Хрысціна Вольская за кампазіцыю "Золушка спяшчаецца на баль".

"Вядома, мы ўдзячны ўсім бацькам, усім бабулям і дзядулям, хлопчыкам і дзяўчынкам, якія прынялі ўдзел у нашым конкурсе. Лепшыя цацкі застаюцца для будучага музея цацкі нашага тэатра, які мы плануем адкрыць у хуткім часе, каб гледачы маглі парадавацца за сапраўды таленавітыя сем'і. Астатнія шэдэўры будуць дарыць радасць выхаванцам дзіцячага дома. Прыемна адзначыць, што з году ў год сярод удзельнікаў сустракаюцца адны і тыя ж імёны. Дарэчы, некаторыя цацкі пачалі прыходзіць у тэатр яшчэ да старту конкурсу. Гэта вялікі талент - прыдумаць шэдэўр, знайсці час, каб увасобіць усё задуманае ў жыццё", - сказала Святлана Казюліна.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Небяспека вясенніх выпальванняў Агонь на прысядзібным участку, паблізу збудаванняў можа стаць прычынай узгарання і нанесці ўрон.