Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 кастрычніка 2021, 12:48

Тры спектаклі тэатраў Брэсцкай вобласці намініраваны на Нацыянальную тэатральную прэмію

15 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Пастаноўкі трох прафесійных тэатраў Брэсцкай вобласці намініраваны ў бягучым годзе на VI Нацыянальную тэатральную прэмію, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння вечарам на сцэне ТЮГа Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прадставіць адну з апошніх і самых яркіх сваіх работ - спектакль "Алеся" паводле аднайменнай аповесці Аляксандра Купрына. Рэжысёр пастаноўкі ў жанры "палескага наслання" - галоўны рэжысёр БАТД Цімафей Ільеўскі. Ён жа з'яўляецца і аўтарам арыгінальнай інсцэніроўкі класічнага твора. У маштабным спектаклі заняты практычна ўвесь акцёрскі склад тэатра.

"У нас ужо і раней бывалі адборы на Нацыянальную тэатральную прэмію, таму стараюся спакойна да гэтага ставіцца. Лішняе хваляванне ідзе толькі на шкоду. Хоць, напэўна, акцёры па-свойму хвалявацца ўсё ж такі будуць, - сказаў Цімафей Ільеўскі. - Сцэна ТЮГа і наша практычна аднаго памеру. Зала крыху па-іншаму выглядае, таму святло крыху інакш выстаўлена. Але такія нюансы - нармальная з'ява для любога выезду. Можна сказаць, злучылі прыемнае з карысным - гастролі з паказам".

У намінацыі "Лепшы спектакль для малой сцэны" заяўлены хорар "Вій" Палескага драматычнага тэатра. Паказ адбудзецца 21 кастрычніка ў Купалаўскім тэатры. П'есу Ніны Садур па матывах культавай аповесці Мікалая Гогаля паставіў малады рэжысёр Павел Марыніч. На VII Міжнародным тэатральным фестывалі "Смаленскі каўчэг" пастаноўка пінчан была адзначана ў дзвюх намінацыях - "Лепшы акцёрскі ансамбль" і "Лепшая мужчынская роля".

"Хвалюемся, вядома, таму што высокі ўзровень гэтага мерапрыемства. Хоць мы ўжо не раз намініраваліся на прэмію, - падзяліўся эмоцыямі дырэктар Палескага драмтэатра Аляксандр Лукашэнка. - Хваляванне з-за таго, што выступаем на незнаёмай вялікай сцэне. У нас спектакль са складаным светлавым рашэннем, спецэфектамі - перажываем, як бы ён не страціў у якасці".

25 кастрычніка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Брэсцкі тэатр лялек пакажа спектакль "Сотнікаў" паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Пастаноўка лаўрэата тэатральнай прэміі "Залатая маска" Руслана Кудашова была адзначана дыпломам за лепшую рэжысуру на XXIV Міжнародным тэатральным фестывалі "Белая вежа".

У бягучым годзе ў VI рэспубліканскім конкурсе "Нацыянальная тэатральная прэмія" прадстаўлены 33 спектаклі 20 тэатраў Беларусі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў пройдзе 28 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам, у якасці выканаўчай дырэкцыі - Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі