Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 снежня 2021, 15:08

"Народная асвета" прадставіла кніжныя навінкі да зімовых свят

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўны рэдактар выдавецтва "Народная асвета" Алена Літвіновіч расказала сёння журналістам аб кніжных навінках да зімовых свят, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў галоўнага рэдактара, "Народная асвета" часта выпускае кнігі серыямі. "Дзіцячае выданне пра падарожжы "Краіна эльфаў" Таццяны Брэслава - пачатак новай серыі. Цяпер можна купіць кнігу аб падарожжах у Ісландыі, а ў наступным годзе мы дапоўнім серыю выданнямі аб Аўстраліі і Японіі. Выйшаў працяг серыі "Шафа" Ірыны Токаравай. Усяго ў гэтай калекцыі будзе дзевяць кніг аб прадметах, якія "жывуць" у розных шафах: посудзе, адзенні, абутку і цацках. У наступным годзе мы выпусцім яшчэ некалькі такіх кніг, напрыклад, ужо цяпер рыхтуюцца "Прыгоды кніжак" і "Прыгоды цацак", - раказала Алена Літвіновіч.

"Звярніце ўвагу на серыю "Жывая класіка дзецям". Гэта вядомыя творы замежных класікаў у перакладзе беларускіх пісьменнікаў. Напрыклад, беларускі пісьменнік Мікола Маляўка пераклаў кнігу Джаэля Харыса "Казкі дзядзечкі Рымуса", а казкі братоў Грым у кнізе "Залатая гусь" можна пачытаць у перакладзе Міхася Пазнякова. "Дзіцячы дэтэктыў" Ірыны Токаравай аб прыгодах Хомса і доктара Сладсана - кніга, за якой выстройваюцца ў чаргу", - падкрэсліла галоўны рэдактар.

У дзіцячай літаратуры варта прыгледзецца да серыі кніг "Прыгоды". Гэта гісторыі аб тым, як хлопчык Цім падарожнічае па розных кутках планеты: ад Старажытнай Грэцыі да Мірскага замка. Дарэчы, самая свежая кніга "Гадзіннік, або Цім у школе ніндзя" выклікала фурор у маленькіх чытачоў.

"Мы не забываем пра старэйшых чытачоў. У якасці падарунка для падлетка можна набыць кнігі серыі "Тусоўка.by". Гэта вельмі цікавыя гісторыі ў жанры фэнтэзі, - сказала Алена Літвіновіч. - Калі гаварыць аб кнігах, якія могуць зацікавіць аматараў прыроды, то выйшла першая кніга серыі "Апавяданні пра расліны Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь". У канцы года выйдзе і другая - "Апавяданні пра жывёл".

У выдавецтве "Народная асвета" з 1 снежня стартавала акцыя навагодніх продажаў. У ёй удзельнічаюць усе кнігі выдавецтва з 15-працэнтнай скідкай. Акцыя праходзіць у два этапы: з 1 па 20 снежня для прафсаюзных арганізацый з мэтай падрыхтоўкі навагодніх падарункаў для супрацоўнікаў прадпрыемстваў і фарміравання бібліятэк дабрачыннай рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці". Другі этап пройдзе з 21 снежня па 7 студзеня для пакупнікоў - дзяцей, бацькоў, бабуль і дзядуляў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі