Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 красавіка 2020, 13:01

Музей гісторыі ВАВ падрыхтаваў выстаўку да 75-годдзя вызвалення вязняў Бухенвальда

10 красавіка, Мінск /Ганна Сініцкая - БЕЛТА/. Часовая экспазіцыя "Бухенвальд" адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна прысвечана Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, які штогод адзначаецца 11 красавіка, і 75-годдзю вызвалення вязняў нацысцкага лагера Бухенвальд, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

"У экспазіцыі паказаны фотадакументальныя матэрыялы аб самім лагеры і яго вязнях з фондаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены значкі ў памяць вязняў канцлагера, піянерскі гальштук з іх аўтографамі, сувеніры ў выглядзе статуэткі і драўляных калодак, вырабленых адным з вязняў", - расказалі ў музеі.

У ліку экспанатаў - копіі асабістых дакументаў людзей, якія прайшлі праз гэты лагер і цудам засталіся жывымі. Можна ўбачыць таксама пэндзаль і шпаталь народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага. Майстар стварыў серыю карцін "Лічбы на сэрцы", у аснову якой пакладзены яго трохгадовы вопыт зняволення ў лагерах Бухенвальд і Дахау.

Выстаўка будзе працаваць па 11 мая.

Канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд быў створаны летам 1937 года блізка ад горада Веймар у Германіі. Меў 138 лагераў-філіялаў і знешніх рабочых каманд. Першымі вязнямі былі нямецкія палітычныя зняволеныя. З пачаткам Другой сусветнай вайны ў лагер сталі паступаць ваеннапалонныя з розных краін, у тым ліку савецкія, і грамадзянскае насельніцтва з акупіраваных тэрыторый СССР. З ліпеня 1937 года па красавік 1945 года праз гэты страшны лагер прайшлі амаль 250 тыс. чалавек 32 нацыянальнасцей, больш як 56 тыс. з іх загінулі, у тым ліку амаль 19 тыс. савецкіх ваеннапалонных. Вязні паміралі ад голаду і холаду, ад непасільных работ і медыцынскіх эксперыментаў, якія праводзілі над імі. У студзені 1945 года ў лагер былі перамешчаны тысячы яўрэяў з лагераў ва Усходняй Польшчы. У лютым 1945 гада Бухенвальд быў самым буйным нацысцкім лагерам: улічваючы філіялы, у ім знаходзілася 112 тыс. вязняў.

У Бухенвальдзе дзейнічала падпольная антыфашысцкая арганізацыя. 11 красавіка 1945 года вязні паднялі ўзброенае паўстанне. Эсэсаўская ахова была абяззброена. З ліку вязняў быў выбраны камітэт, які кантраляваў сітуацыю ў лагеры да прыходу амерыканскіх войскаў 13 красавіка. Амаль 21 тыс. вязняў была вызвалена, у тым ліку 904 дзіцяці. Менавіта гэты дзень - 11 красавіка - ААН у 1952 годзе аб'явіла Міжнародным днём вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі