Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 мая 2020, 15:35

Купалаўскі тэатр падбадзёрыў мінчан размешчанымі ў падземным пераходзе цытатамі з "Паўлінкі"

5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Звыклыя афішы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў падземным пераходзе на станцыі метро "Кастрычніцкая" змянілі жыццесцвярджальныя цытаты з легендарнага спектакля "Паўлінка", дапоўненыя пажаданнямі акцёраў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта нашы месцы для размяшчэння тэатральных афіш. Але паколькі цяпер спектаклі не ідуць, замест традыцыйных афіш мы вырашылі размясціць вось такую ​​тэатральную падтрымку ўсім беларусам. Узялі самую вядомую п'есу Янкі Купалы - "Паўлінка", наш легендарны спектакль, які ў мінулым годзе атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Выбралі самыя вядомыя фразы і дадалі да іх пажаданні купалаўцаў", - расказала намеснік генеральнага дырэктара тэатра Святлана Шыцікава.

Пажаданні супрацоўнікаў тэатра выдзелены тлустым шрыфтам. Выглядае гэта, напрыклад, так: "Во калі пайшло ўсё ўверх нагамі! Хутка стане на свае месцы!" або "Каханенькiя-родненькiя, беражыце сябе!"

Так купалаўцы трансліруюць свой пазітыўны пасыл і паказваюць, што з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з гледачом. Як хутка яна адбудзецца, пакуль у тэатры дакладную дату назваць не могуць. Але разлічваюць, што спектаклі зноў пачнуцца ў канцы мая - пачатку чэрвеня. Гледачы змогуць даведацца аб гэтым у тым ліку, калі ўбачаць на месцы цяперашніх жыццесцвярджальных плакатаў новыя афішы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі