Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 верасня 2021, 14:31

Кніжныя навінкі верасня прадставіла "Мастацкая літаратура"

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніжныя навінкі верасня прадставіла "Мастацкая літаратура", паведамілі БЕЛТА ў выдавецтве.

У кнігу "Адзін народ, адзіная Радзіма" ўвашла паэзія, проза і публіцыстыка, сабраная пісьменнікам Віктарам Шніпам. "Выданне адкрывае эсэ беларускага пісьменніка Янкі Сіпакова "Зялёны лісток на планеце Зямля" і кожны твор у гэтай кнізе прадаўжае і развівае думку пісьменніка", - расказалі ў выдавецтве.

Серыя "Беларусь літаратурная" папоўнілася зборнікам Віктара Шніпа "Мелодыі роднай зямлі. Капыльшчына літаратурная". У яго ўвайшлі літаратурныя творы аўтараў, жыццё і дзейнасць якіх звязана з Капыльскім раёнам. У кнізе можна знайсці творы Цішкі Гартнага, Кузьмы Чорнага, Адама Бабарэкі, Алеся Адамовіча, Анатоля Астрэйкі, Адама Русака. "Як піша ў сваёй прадмове доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі, Капыльшчына заўсёды славілася не толькі сваімі пагоркамі, шчодрымі палямі і садамі, але і таленавітымі людзьмі - паэтамі і пісьменнікамі. Яна дала нацыянальнаму пісьменству больш за 30 літаратараў", - адзначылі ў "Мастацкай літаратуры".

Кнігазбор Scripta manent выйшаў у свет у серыі "Напісанае застаецца". Выданне змяшчае творы беларускага празаіка Міхаіла Стральцова, сярод якіх аповесць "Адзін лапаць, адзін чунь" і "Загадка Багдановіча". "Ён быў і заставаўся рашучым прыхільнікам малога жанру: апавядання, эсэ, верша, невялікай аповесці. "Адзін лапаць, адзін чунь" па стральцоўскіх мерках з'яўлялася ўжо цэлай эпапеяй. Міхась Стральцоў быў стрыманым і пяшчотным чалавекам, але ў літаратуры заставаўся бескампрамісным і строгім", - прыгадваў пісьменнік Анатоль Кудравец. Кніга мае ўзроставае абмежаванне 16+.

Для юных чытачоў выдавецтва падрыхтавала кнігу беларускай пісьменніцы Аксаны Спрынчан "Бульбінка". У яе ўвайшлі 30 твораў пра бульбу, у якіх расказваецца пра яе паходжанне, а таксама пра тое, як яна расце, размнажаецца і чым карысная. Ілюстрацыі падрыхтаваў мастак Міхаіл Дайлідаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі