Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 снежня 2020, 15:29

Канікулы ў музеі - НММ запрашае на зімовыя мерапрыемствы

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў для дзяцей праграму да зімовых свят. Пройдуць мерапрыемствы з 26 снежня па 19 студзеня 2021 года, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"Запрашаем маленькіх наведвальнікаў і іх бацькоў зрабіць навагодне-каляднае падарожжа "Прыгода Чароўнай зорачкі ў Мастацкім". Гасцей правядуць па залах музея Чароўная зорачка і яе сяброўкі-сняжынкі. Наведвальнікі будуць ісці па пазначаным маршруце, разглядаць экспанаты, разгадваць загадкі і выконваць заданні. А ў самым канцы квеста атрымаюць памятны сувенір", - адзначылі арганізатары.

Падчас правядзення "Калядных майстэрняў" маленькія паклоннікі музея змогуць наведаць творчыя лакацыі, дзе знойдуць размалёўкі на калядную і навагоднюю тэматыку, вясёлыя заданні, чароўную варажбу на лёс і будучыню. Акрамя таго, ім раскажуць пра сакральны сэнс абраза "Раство Хрыстова", напісанага амаль 300 гадоў таму невядомым беларускім майстрам з вёскі Латыгава. На памяць прапануюць інфармацыйны буклет пра гэты твор мастацтва.

З 27 снежня пройдуць канцэрты музычнай гасцёўні "У гасцях у Казкі". "Чароўная класічная музыка падорыць адчуванне свята і цуду дзецям і дарослым. Гледачоў парадуе не толькі ігра на раялі таленавітай піяністкі Таццяны Старчанка, але і казкі, вершы і чароўныя гісторыі ў яе выкананні. Слухачы змогуць адчуць подых цудоўнага каляднага свята. А выдатны гук флейты Яўгена Віданава створыць святочную атмасферу, прымусіць перажыць імгненні, якія можна адчуць толькі напярэдадні казачных дзён адыходзячага года. Прагучаць кампазіцыі Пятра Чайкоўскага, Фрэдэрыка Шапэна, Крыстафа Вілібальда Глюка, Фрыца Крэйслера, Мікалая Рымскага-Корсакава", - падкрэслілі ў музеі.

Музыка будзе чаргавацца з казкамі і легендамі "Папялушка", "Дзяўчынка з запалкамі", "Арфей і Эўрыдзіка", "Шэхеразада", "Спячая прыгажуня", "Шчаўкунок". Акрамя таго, слухачы змогуць паіграць з артыстамі на чароўным трохвугольніку, тамбурыне і званочку.

Інтэрактыўная праграма "Навагодне-калядныя гісторыі ў Мастацкім" пройдзе 29 снежня і 6 студзеня. "Падарожнічаючы па музейных залах, дзеці даведаюцца, хто загадаў першым на Русі ўпрыгожваць свае дамы яловымі галінкамі, што за чароўны малаточак выкарыстоўвае ўсходні бог шчасця, як завуць галандскага Дзеда Мароза, пачуюць гісторыю Каляднай зоркі. Наведвальнікі змогуць вырабіць сваімі рукамі анёла, які стане цудоўным падарункам або выдатным упрыгажэннем для каляднай ёлачкі", - расказалі арганізатары.

Дзецям прапануюць прыняць удзел у інтэрактыўнай экскурсіі "Якога колеру зіма?". "Падчас яе правядзення ўдзельнікаў азнаёмяць з навагодняй палітрай, фарбамі і пахамі зімы на палотнах мастакоў. Яны акунуцца ў атмасферу чарадзейства і казачнасці, узбагацяць свае веды, звязаныя з гісторыяй і традыцыямі ўсімі любімага навагодняга свята і Раства", - дадалі ў музеі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі