Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 ліпеня 2016, 18:19

Вырашчаны ў Беларусі ўраджай збожжа забяспечыць харчовую бяспеку краіны - Заяц

22 ліпеня, Хойніцкі раён /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Ураджай збожжа, які вырашчаны ў бягучым годзе ў Беларусі, дасць магчымасць у поўнай меры забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Аб гэтым паведаміў сёння міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц у час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, для гэтага неабходна сабраць не менш як 8,4 млн.т збожжа, з якіх 1,1 млн т складзе дзяржрэзерв, 6,7 млн т пойдуць на кармавыя мэты, 600 тыс. т - на насенне. "Сумненняў у тым, што мы справімся з гэтай задачай, няма. Акрамя таго, будзе атрыманы пэўны аб'ём збожжа для экспартных паставак", - сказаў ён.

Сёння ў рэспубліцы ўбрана каля 9 працэнтаў плошчаў, адведзеных пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. Агульны намалот збожжа складае 660 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 32,5 ц/га, што на 4,5 ц вышэй, чым летась. Сярод лідараў жніва сёлета - гаспадаркі Гомельскай вобласці, дзе ўбрана ўжо трэцяя частка збожжавых палёў. Ураджай збожжа ў вобласці на 33 працэнты вышэйшы, чым у 2015 годзе. Тут жа з'явіліся і першыя камбайнеры-тысячнікі. Леанід Заяц уручыў перадавікам жніва ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама галіновага прафсаюза. Экіпажы камбайнераў з КСУП "Судкова" Хойніцкага раёна і калгаса "50 гадоў Кастрычніка" Рэчыцкага раёна, якія першымі ў рэспубліцы намалацілі ў бягучым годзе больш за 1 тыс. т збожжа, працуючы на айчынных камбайнах, атрымалі з рук міністра таксама каштоўныя падарункі.

Звяртаючыся да механізатараў, якія працуюць на ўборцы збожжа, а цырымонія ўзнагароджвання ў гаспадарках праходзіла непасрэдна на палях, Леанід Заяц адзначыў, што сельскагаспадарчая галіна краіны паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі. "У гэтым ёсць вялікая заслуга людзей, якія працуюць сёння на палях і фермах. Удзячны вам за добрасумленную працу, дзякуючы якой і забяспечваецца ў першую чаргу харчовая бяспека краіны", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі