Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 красавіка 2017, 13:21

У ААН адбыўся арганізаваны па ініцыятыве Беларусі круглы стол па чарнобыльскай праблематыцы

27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку (ЗША) у Міжнародны дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе, які адзначаецца ўпершыню ў бягучым годзе, адбылася спецыяльная дыскусія на тэму "Выяўленне і пераадоленне доўгатэрміновых наступстваў чарнобыльскай ядзернай катастрофы: стварэнне асновы для прадаўжэння міжнароднага супрацоўніцтва". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Мерапрыемства ў фармаце круглага стала сумесна арганізавалі пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН і амерыканскія няўрадавыя арганізацыі "Чарнобыльскі праект" і "Руска-амерыканскі фонд".

У ліку асноўных выступоўцаў у дыскусіі прыняў удзел начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. Дыпламат адзначыў неабходнасць забеспячэння ўстойлівага развіцця ў пацярпелых рэгіёнах праз партнёрства, інавацыі і інвестыцыі і прадставіў прапановы краіны па напаўненні далейшага міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскіх пытаннях з удзелам арганізацый сістэмы ААН і зацікаўленых дзяржаў. У падтрымку такога ўзаемадзеяння выказаліся ўдзельнікі круглага стала ад Расіі і Казахстана.

У час дыскусіі таксама выступілі высокія прадстаўнікі шэрага арганізацый сістэмы ААН. Памочнік Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па эканамічных і сацыяльных пытаннях прыцягнуў увагу да асаблівасцей выканання Мэт устойлівага развіцця ў рэгіёнах, што пацярпелі ад тэхнагенных аварый. Розныя аспекты ўзаемадзеяння па Чарнобылі асвятлілі ў сваіх выступленнях кіраўнікі офісаў у Нью-Ёрку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Эксперты няўрадавай арганізацыі "Чарнобыльскі праект" прадставілі вынікі медыцынскіх даследаванняў па інавацыйных методыках лячэння выкліканых радыяцыяй захворванняў. Кіраўнік офіса ў Вашынгтоне ірландскай арганізацыі "Міжнародны праект дзецям Чарнобыля" Кэтлін Раян прадставіла праекты арганізацыі па падтрымцы дзяцей з чарнобыльскіх рэгіёнаў.

Удзельнікі дыскусіі падкрэслілі, што арганізаваны па ініцыятыве Беларусі круглы стол узбагаціў абмеркаванне ў рамках ААН такіх узаемазвязаных пытанняў, як парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця, Сендайская праграма дзеянняў па зніжэнні рызыкі бедстваў, міжнароднае чарнобыльскае супрацоўніцтва і супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя і навакольнага асяроддзя.

У гэты ж дзень у штаб-кватэры ААН адкрылася фотавыстаўка, арганізаваная пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ААН сумесна з офісам Праграмы развіцця ААН у Беларусі і няўрадавымі арганізацыямі ЗША і Ірландыі - "Рамапо - дзецям Чарнобыля" і "Міжнародны праект дзецям Чарнобыля".

На выстаўцы прадстаўлены фотаматэрыялы з архіваў гэтых арганізацый, а таксама работы амерыканскага фатографа Філіпа Гросмана, зробленыя па выніках яго паездкі ў Беларусь у лістападзе 2016 года.

У час цырымоніі адкрыцця экспазіцыі быў зачытаны зварот міністра замежных спраў Беларусі. Уладзімір Макей ад імя ўрада Беларусі выказаў удзячнасць дзяржавам, міжнародным арганізацыям, дабрачынным недзяржаўным арганізацыям і людзям добрай волі за садзейнічанне ў ажыццяўленні ў краіне важных праектаў у галіне аховы здароўя і экалогіі, вялікі ўклад у аздараўленне і лячэнне дзяцей з чарнобыльскіх рэгіёнаў і гуманітарную дапамогу Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі