Сцяг Серада, 1 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 студзеня 2016, 17:17

Туркампаніі пры продажы пуцёвак дабаўляюць да курса Нацбанка ад 2 працэнтаў да 7 працэнтаў

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія туркампаніі цяпер разлічваюць унутраны курс для продажу пуцёвак па формуле "курс Нацбанка плюс 2-7 працэнтаў", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнікі турбізнесу.

У Беларусі з 1 сакавіка 2015 года за пуцёўкі можна плаціць толькі ў беларускіх рублях. Кампаніі разлічваюць цану тура зыходзячы са свайго ўнутранага абменнага курса і пазначаюць кошт у рублях. Унутраны курс абнаўляецца кожны дзень і разлічваецца па формуле "курс Нацбанка плюс пэўны працэнт канвертацыі". Працэнт канвертацыі турфірмы ўстанаўліваюць самастойна.

Раней ён быў у межах 1,5-3,5 працэнта, цяпер на фоне ваганняў курсаў валют турфірмы ўзнялі яго да 5 працэнтаў, асобныя кампаніі - да 7 працэнтаў. "Гэта была часовая мера, пасля сённяшніх таргоў і ўмацавання беларускага рубля працэнты будуць зніжацца", - адзначылі прадстаўнікі турбізнесу.

У кампаніі "Музенідзіс Трэвел" расказалі, што ўнутраны курс кампаніі звычайна складаў курс Нацбанка плюс 2 працэнты. "Цяпер гэты працэнт можа быць крыху вышэйшым. Мы прадаём кліентам пуцёўкі за беларускія рублі, а разлічваемся з партнёрамі ў валюце, пры ваганнях курса даводзіцца ўзнімаць працэнт за канвертацыю валюты", - падкрэслілі ў кампаніі.

Аналагічная сітуацыя ў кампаніі "Ваяжтур". "Як толькі сітуацыя стабілізуецца, а я думаю, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час, мы зможам вярнуцца да ранейшай схемы ўстанаўлення курсаў, якой карысталіся раней, гэта значыць, у межах дабаўлення да курса Нацбанка 2-3 працэнты", - лічыць дырэктар кампаніі Яўген Сазыкін.

У той жа час некаторыя туркампаніі, нягледзячы на ваганні курса, захоўваюць працэнт канвертацыі ранейшым. Напрыклад, у кампаніі Solvex унутраны курс застаецца на ўзроўні курса Нацбанка на дзень заключэння дагавора плюс 2 працэнты. "Спажыўцы, як гэта і прадугледжана заканадаўствам, разлічваюцца за пуцёўкі ў беларускіх рублях, але беларускія тураператары павінны заплаціць замежным пастаўшчыкам паслуг у валюце. Адпаведна, атрыманую ад кліентаў суму мы павінны перавесці ў валюту тура, купіць долары або еўра ў банку, таму да курса Нацбанка дабаўляецца працэнт канвертацыі. Мы яго захоўваем на мінімальным узроўні. Па сутнасці, для кліентаў ніякіх дадатковых рызык няма, ён плаціць у рублях суму, пазначаную ў дагаворы, і потым незалежна ад ваганняў курсаў нічога не даплачвае", - растлумачыла гендырэктар кампаніі Solvex Аксана Бічун.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі