Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 снежня 2017, 09:43

Шчоткіна ўручыла падарункі дзецям Ждановіцкай школы-інтэрната

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" Мар'яна Шчоткіна ў рамках рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці" наведала Ждановіцкую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат, паведамляе БЕЛТА.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік старшыні БСЖ, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Ждановіцкай выбарчай акрузе Святлана Сітнікава і намеснік старшыні саюза Лілія Ананіч.

Ад імя Беларускага саюза жанчын і сябе асабіста Мар'яна Шчоткіна павіншавала вучняў школы з навагоднімі святамі і ўручыла ім салодкія падарункі і кнігі. У якасці галоўнага падарунка дзеці атрымалі мяккую мэблю. "Няхай у новым годзе здзейсняцца ўсе вашы мары, каб вы рэалізавалі тое, што хочаце больш за ўсё. Няхай новы год прынясе вам цікавыя сустрэчы, толькі добрыя падзеі, запомніцца і будзе цікавым", - пажадала Мар'яна Шчоткіна вучням школы.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі наведвае Ждановіцкую школу-інтэрнат не ўпершыню. З вучнямі школы і педагогамі яна сустракалася ў жніўні бягучага года. Тады дзеці сказалі, што ў якасці падарунка ім хацелася б атрымаць мяккую мэблю. "Акцыя "Нашы дзеці" дапамагае ажыццяўляць дзіцячыя мары. Яна аб'ядноўвае ўсіх нас. Кожны можа ўнесці свой уклад, дапамагчы штосьці купіць для дзяцей. Калі крыху цеплыні падарыць тым, хто побач, гэта дапамагае рабіць дабро", - адзначыла Мар'яна Шчоткіна. Яна падкрэсліла, што акцыя стала традыцыйнай для Беларусі. "Усе рыхтуюцца да гэтага свята, каб ад душы павіншаваць дзяцей", - дадала намеснік старшыні Савета Рэспублікі.

Дзеці падзякавалі за цёплыя віншаванні і падарункі і ўручылі Мар'яне Шчоткінай і членам прэзідыума Беларускага саюза жанчын сувеніры на памяць, зробленыя сваімі рукамі. Пасля святочнага канцэрта, на якім выступілі дзеці, адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі творчых работ вучаніцы 5-га класа школы-інтэрната Карыны Копач.

У Ждановіцкай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху вучыцца 101 чалавек. У школе створана адукацыйнае асяроддзе, якое садзейнічае развіццю дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, рэалізуюцца эксперыментальныя і інавацыйныя адукацыйныя і карэкцыйна-развіваючыя праекты. Тут абсталявана 14 вучэбных класаў-кабінетаў, 2 лабаранцкія, 1 метадычны кабінет, пакой сацыяльна-бытавой адаптацыі, кабінет рытмікі, сталярная і швейная майстэрні, спартыўная і трэнажорная залы, стадыён. Ёсць таксама свой эколага-краязнаўчы музей і мастацкая майстэрня. Дзейнічае кабінет слыхавой работы, аснашчаны гукаўзмацняльнай апаратурай, аўдыяметрам, апаратам для праверкі работы індывідуальных слыхавых апаратаў і інш. Арганізавана работа факультатываў, аб'яднанняў дадатковай адукацыі, спартыўных секцый, заняткаў па харэаграфіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі