Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 лютага 2017, 14:22

Пытанні па дэкрэце нумар 3 пераважалі на прыёме грамадзян Шчоткінай у Мінску

22 лютага, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мар'яна Шчоткіна сёння правяла асабісты прыём грамадзян у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Папярэдне на прыём запісаліся 9 чалавек, усяго было прынята 14 жыхароў сталіцы. Большасць з іх звярнуліся па пытанні вызвалення ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй.

Так, 32-гадовы Аляксей у 2012 годзе зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. У 2015 годзе падаў заяву аб спыненні дзейнасці - узніклі праблемы з бізнесам, трапіў у поле зроку фінансавай міліцыі. У наступныя гады Аляксей падзарабляў у прыватных асоб: аказваў будаўнічыя і рамонтныя работы ў асноўным без афіцыйнага афармлення. Таму і атрымаў паведамленне аб выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Мар'яна Шчоткіна параіла мужчыне прадаставіць грамадзянска-прававыя дагаворы на суму не менш як 70 базавых велічынь за 2015 год на працягу 30 дзён. Пасля іх разгляду будзе прынята рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Сваю гісторыю расказала студэнтка Святлана. Яна грамадзянка Украіны, пастаянна жыве ў Беларусі з 2011 года разам з бабуляй. Дзяўчына вучыцца завочна, не працавала і ў 2015 годзе, і цяпер. Звярнулася з просьбай аб вызваленні ад збору. Мар'яна Шчоткіна лічыць, што для гэтага няма падстаў. "Трэба ўладкавацца на работу, у тым ліку па грамадзянска-прававым дагаворы, або аформіць ІП, рамесніцтва - для маладога чалавека, які жадае працаваць, ёсць нямала магчымасцей, асабліва ў сталіцы. Патрэбны дакументы, якія пацвярджаюць тое, што вы працуеце і плаціце падаткі, каб у далейшым не ўзнікалі такія пытанні", - параіла дзяўчыне віцэ-спікер.

А вось 27-гадовы Антон не прыйшоў на прыём, хоць папярэдне запісаўся, - яго інтарэсы прадстаўляла блізкая сваячка. Паводле яе слоў, малады чалавек скончыў мінскую ВНУ на платнай аснове ў 2014 годзе, пастаянную работу па спецыяльнасці (юрыст) не знайшоў. Жыве з бацькамі-пенсіянерамі. У якасці беспрацоўнага не быў зарэгістраваны. Дарэчы, збор на фінансаванне дзяржрасходаў Антон аплаціў ужо, але галоўная праблема, якая яго хвалюе, - працаўладкаванне. Мар'яна Шчоткіна даручыла спецыялістам цэнтра занятасці звязацца з маладым чалавекам, запрасіць яго ў бліжэйшыя дні на прыём і дапамагчы яму з пошукам рабочага месца.

Нестандартная сітуацыя ў Андрэя Анатольевіча. Ён з 2000 года працаваў у прыватніка без афіцыйнага афармлення, а ў 2014 годзе гэтай работы пазбавіўся, у яго паслугах "наймальнік" больш не меў патрэбы. Паводле слоў мінчаніна, на афіцыйную работу ён і не спрабаваў уладкавацца, паколькі не меў нават працоўнай кніжкі і дакументаў, што пацвярджаюць кваліфікацыю (спецыяльнасць). Збор, дарэчы, Андрэй Анатольевіч аплаціў ужо, паколькі мае пабочныя заработкі. Мар'яна Шчоткіна параіла мужчыне звярнуцца ў цэнтр занятасці, зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, атрымаць накіраванне на прафпадрыхтоўку, прайсці навучанне прафесіі (выбар даволі шырокі - 120 спецыяльнасцей) і ў далейшым легалізавацца на рынку працы. Віцэ-спікер падкрэсліла, што адна з мэт дэкрэта нумар 3 у тым, каб стымуляваць людзей, якія працуюць на ценявым рынку працы, легалізаваць сваю занятасць.

Звярнуліся на прыём да віцэ-спікера муж і жонка наконт свайго сына з просьбай вызваліць яго ад выплаты збору. Малады чалавек трапіў у ДТЗ у 2014 годзе, праходзіў лячэнне і рэабілітацыю ў 2015 годзе. Віцэ-спікер адзначыла, што калі будуць прадастаўлены дакументы з установы аховы здароўя аб тым, што малады чалавек быў на лячэнні, то мэтазгодна разгледзець пытанне аб вызваленні ад выплаты збору. Дарэчы, ён у мінулым годзе прайшоў навучанне, афіцыйна ўладкаваўся на работу праграмістам. А напярэдадні прыёму ў віцэ-спікера малады чалавек стаў бацькам - у яго нарадзілася дачка.

Сімпатыю ва ўсіх прысутных на прыёме выклікаў 20-гадовы Віталь - сур'ёзны, адказны. "Я скончыў навучанне ў каледжы ў чэрвені 2015 года. Хацеў служыць у міліцыі, у ліпені накіравалі на медкамісію, але пасля абследавання па стане здароўя прызнаны непрыгодным да службы ў органах МУС. Восенню ў армію па той жа прычыне не прызвалі, хоць разлічваў на гэта. І на работу не ўдалося ўладкавацца да канца 2015 года. У выніку не хапіла літаральна некалькі дзён для таго, каб лічыцца ўдзельнікам фінансавання дзяржрасходаў. Атрымаў паведамленне з падатковай інспекцыі аб тым, што абавязаны выплаціць збор",- растлумачыў юнак. Дарэчы, у 2016 годзе ён уладкаваўся на работу, паступіў у ВНУ. Мар'яна Шчоткіна парэкамендавала камісіі вызваліць Віталя ад выплаты збору з улікам усіх жыццёвых абставін маладога мінчаніна. "Яго трэба падтрымаць - хлопец актыўны, працуе, вучыцца", - упэўнена віцэ-спікер.

Таксама мінчане на прыём да намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу звярталіся па пытаннях працаўладкавання, пенсійнага забеспячэння, жылля, шпіталізацыі, транспартных зносін, аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Усім заяўнікам дадзены растлумачэнні, шэраг пытанняў узяты на кантроль.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі