9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узровень развіцця спартыўнай інфраструктуры павінен забяспечваць патрэбнасці ўсіх жыхароў Беларусі незалежна ад месца пражывання. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час выязнога пасяджэння міжведамаснага савета па фарміраванні здаровага ладу жыцця пры Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Удзельнікі пасяджэння на базе сярэдняй школы нумар 32 і спарткомплексу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры ў Цэнтральным раёне Мінска азнаёміліся з вопытам работы гэтых навучальных устаноў па фарміраванні здаровага ладу жыцця сярод навучэнцаў, студэнтаў і работнікаў.
"Не хачу сказаць, што ў рэгіёнах створаны ўмовы горшыя, чым у Мінску. Яны прыкладна на адным узроўні, - адзначыў Ігар Петрышэнка. - Аднак трэба прызнаць, што сталіца ў плане клопату аб здароўі сваіх жыхароў зрабіла вялікі крок наперад. Прадстаўнікам рэгіёнаў, якія прысутнічаюць на пасяджэнні нашай камісіі, неабходна ўзяць на ўзбраенне станоўчы вопыт Мінска ў гэтым пытанні".
Віцэ-прэм'ер падкрэсліў неабходнасць таго, каб спартыўныя аб'екты ў гарадах і вёсках раслі і развіваліся разам з астатняй інфраструктурай. Як у нядаўна пабудаваных, так і ў даўно існуючых мікрараёнах павінны быць створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам.
Ігар Петрышэнка звярнуў таксама ўвагу на неабходнасць папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў падрастаючага пакалення. "У гэтым напрамку мы павінны працаваць пастаянна, каб размаўляць з моладдзю на яе мове, аператыўна рэагуючы на выклікі часу, - падкрэсліў ён. - Неабходна задзейнічаць не толькі традыцыйныя СМІ, але і іншыя формы данясення інфармацыі, у тым ліку сацыяльныя сеткі".
Паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра, у прыярытэце павінна быць і пытанне бяспекі заняткаў спортам, каб выключыць траўматызм сярод аматараў здаровага ладу жыцця.-0-