Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 ліпеня 2016, 17:58

МУС: паток бежанцаў з Украіны ў Беларусь зменшыўся ў тры разы

25 ліпеня, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Паток бежанцаў з Украіны ў Беларусь зменшыўся ў 2016 годзе ў тры разы, паведаміў сёння журналістам начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"У цэлым паток усіх бежанцаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зменшыўся фактычна ў два разы. Пры гэтым у тры разы зменшыўся паток грамадзян Украіны, якія прыбываюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і падаюць хадайніцтвы аб статусе бежанца, аб прадастаўленні дадатковай абароны, звяртаюцца за дазволам на часовае пражыванне або пастаяннае. Колькасць украінскіх грамадзян, якія хадайнічаюць аб атрыманні грамадзянства Беларусі, засталася на ўзроўні мінулага года", - сказаў Аляксей Бягун.

Паводле даных на 1 ліпеня бягучага года, у органы па грамадзянстве і міграцыі з хадайніцтвамі аб набыцці статуса бежанца звярнуўся 351 чалавек. Лічба, як раней паведамлялася, зменшылася ў два разы ў параўнанні з першым паўгоддзем 2015 года. Пры гэтым сярод тых, хто звярнуўся з хадайніцтвамі, 80 працэнтаў грамадзян Украіны. Таксама сярод заяўнікаў ёсць грамадзяне Сірыі, Емена, Афганістана, Егіпта і некаторых іншых дзяржаў гэтага рэгіёна. "Фактычна ўсе гэтыя грамадзяне з краін, дзе вядуцца актыўныя баявыя дзеянні", - растлумачыў ён.

Начальнік дэпартамента дадаў, што ў 2015 годзе ў цэлым у поле зроку органаў па грамадзянстве і міграцыі трапіла 22 тыс. 424 грамадзян Украіны, якія тым ці іншым чынам вырашылі легалізаваць сваё знаходжанне ў Беларусі. У тым ліку некаторыя з іх атрымалі статус бежанцаў, некаторыя дазвол на пастаяннае пражыванне і г.д.

Акрамя таго, на гэты час , амаль 1,4 тыс. грамадзян Украіны, Сірыі, Афганістана маюць дадатковую абарону ў Беларусі, а 928 замежных грамадзян - статус бежанца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі