Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 верасня 2016, 12:49

Гідрамет: насельніцтва будзе атрымліваць усю інфармацыю аб радыяцыйнай абстаноўцы ў раёне БелАЭС

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Насельніцтва будзе аператыўна атрымліваць поўную інфармацыю аб радыяцыйнай абстаноўцы ў раёне АЭС. Аб гэтым паведаміла начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Марыя Гермянчук у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

"Для нас вельмі важна, каб дакладная інфармацыя, якая характарызуе рэальную сітуацыю на БелАЭС, стала даступнай для любога карыстальніка незалежна ад яго месцазнаходжання, узроўню адукацыі і іншых фактараў. Чалавек, які цікавіцца радыяцыйнай абстаноўкай на тэрыторыі Астравецкага раёна, будзе думаць, як жа атрымаць незалежную інфармацыю. Гідрамет у гэтым выпадку незалежная арганізацыя, яна не залежыць ад атамнай станцыі ніякім чынам, наша асноўная задача - пракантраляваць дзейнасць станцыі, каб разумець, як яна дзейнічае на навакольнае асяроддзе. І, вядома, мы гатовы гэтай інфармацыяй падзяліцца з усімі жадаючымі", - адзначыла Марыя Гермянчук.

Даныя аб радыяцыйнай абстаноўцы ў зоне Беларускай АЭС пасля запуску станцыі будуць даступны анлайн. "Пакуль мы плануем размяшчэнне гэтай інфармацыі на сайце Гідрамета rad.org.by. Магчыма, будуць яшчэ спасылкі на іншыя інфармацыйныя рэсурсы, - растлумачыла Марыя Гермянчук. - Перыядычнасць абнаўлення інфармацыі на сайце будзе залежаць ад сітуацыі. У штатным рэжыме вымярэнні будуць праводзіцца як звычайна - раз у 10 мінут. Зразумела, трэба прыбавіць 20 мінут для дастаўкі інфармацыі з пункту вымярэння, гэта значыць у суме выходзіць паўгадзіны".

Інфармацыя будзе апрацоўвацца і прадстаўляцца ў выглядзе карты. На ёй будуць абазначаны кропкі, дзе праводзяцца вымярэнні. Побач з населеным пунктам будзе з'яўляцца лічба, якая характарызуе магутнасць дозы гама-выпрамянення, адпаведным чынам у колеравым кодзе будзе абазначацца павелічэнне ці змяншэнне магутнасці.

Інфармаваць грамадскасць аб стане навакольнага асяроддзя ў месцы размяшчэння БелАЭС плануецца і іншымі спосабамі - з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, спецыяльных інфармацыйных табло. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца рабоце са школьнікамі і студэнтамі. "Калі інфармаваць грамадскасць аб стане навакольнага асяроддзя, даваць поўную інфармацыю, то разважлівасць дазволіць грамадскасці рабіць правільныя вывады", - рэзюмавала начальнік Гідрамета.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі