Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 мая 2016, 15:28

Стратэгію развіцця машынабудавання вызначаць у Беларусі ў бліжэйшы час

27 мая, Пінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Стратэгію развіцця машынабудавання вызначаць у Беларусі ў бліжэйшы час. Аб гэтым паведаміў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ЗАТ "Амкадор-Пінск", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы рыхтуем буйную нараду на ўзроўні Прэзідэнта, каб прыняць стратэгічныя рашэнні, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер спецыялісты працуюць над праграмай стратэгіі ў машынабудаванні".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у час нарады будуць абагульнены вынікі яго рабочых паездак на шэраг прамысловых прадпрыемстваў Беларусі і будуць прымацца канкрэтныя рашэнні. "Але скажу галоўнае: нашаму машынабудаванню быць, і не ва ўрэзаным выглядзе. Мы будзем ісці ўглыб, як гэта робіце вы на сваіх прадпрыемствах (холдынга "Амкадор". - Заўвага БЕЛТА). Не тое, што прывезлі камплектуючыя з-за мяжы, тут сабралі і хвалімся. Мы павінны рабіць усё самі, на нашых прадпрыемствах", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час было шмат размоў наконт таго, ці трэба ў Беларусі захоўваць і развіваць буйныя прамысловыя вытворчасці, такія як МТЗ, МАЗ, БелАЗ, "Амкадор". Выказваліся меркаванні, што іх трэба ліквідаваць або прадаць, а займацца чым-небудзь іншым. "Мы ўсё гэта захавалі, у тым ліку "Амкадор". Сёння гэта ўжо не тое прадпрыемства, якое было некалі. Гэта вялікі холдынг, куды ўваходзіць каля двух дзясяткаў прадпрыемстваў з больш як 6 тыс. работнікаў. Гэта новая прадукцыя самага высокага ўзроўню, якая карыстаецца попытам у свеце", - канстатаваў Прэзідэнт.

"Машынабудаванне ў краіне будзе. Мы канкурэнтаздольныя. Ужо няма размовы аб тым, што мы не можам канкурыраваць з Германіяй, Швецыяй або Францыяй. Умеем рабіць не горш за іх. Прадаваць мы фактычна навучыліся", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у канкурэнтнай барацьбе ў беларускіх вытворцаў ёсць нават некаторая перавага перад замежнымі, у прыватнасці, больш нізкі сабекошт па шэрагу фактараў. "Калі мы будзем рацыянальна падыходзіць да вытворчасці кожны на сваім месцы, ад рабочага да старшыні савета дырэктараў, будзе толк, - сказаў Прэзідэнт. - У нас і выйсця іншага няма. Што заменіць машынабудаўнічы комплекс? Трэба развіваць тое, што ўмеем рабіць. Таму мы заняліся машынабудаваннем і поўныя рашучасці тут дабавіць".

Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што інтарэс да арганізацыі вытворчасці ў Беларусі можа праявіць шэраг замежных інвестараў. "У тым ліку еўрапейскія, кітайскія, і ў Расійскай Федэрацыі ёсць людзі з грашамі. Калі ласка, мы іх сюды запрашаем. Мы будзем ствараць беларускі прадукт. Калі яны хочуць укласці свае грошы, калі ласка, укладвайце, разам будзем працаваць. Атрымлівайце прыбытак і, як гавораць бізнесмены, адбівайце свае ўкладанні", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі