1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прымуць беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сям'і. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У бліжэйшы час мы прымем рашэнні. Яны павінны быць беспрэцэдэнтнымі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае - гэта жыллё. Калі трэцяе дзіця нарадзілася і ты ўмоўна атрымліваеш бясплатна кватэру ад дзяржавы, думаю, будуць нараджаць".
Галоўнае пажаданне Прэзідэнта за некалькі дзён да жаночага свята 8 Сакавіка - каб беларускі нараджалі пабольш дзяцей. "Гэта і для краіны вельмі важна, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Двое вашых, а трэцяе - маё. Гэта жалезабетонна".
Аляксандр Лукашэнка лічыць шматдзетную сям'ю адзіным выратаваннем для народа, асабліва ў святле тэндэнцыі скарачэння нараджальнасці, што захапіла ўсю Еўропу. Нават у шматнацыянальнай Расіі, дзе моцныя традыцыі шматдзетных сем'яў у розных народнасцей, усё роўна гэта тэндэнцыя прасочваецца.
Пры гэтым Прэзідэнт са шкадаваннем адзначыў, што знайсці сапраўдных мужчын у Беларусі нашым жанчынам не так проста. "З мужыкамі, вядома, бяда", - прызнаў Аляксандр Лукашэнка, спаслаўшыся на вялікую колькасць тых, хто мае адтэрміноўку ад арміі.-0-