Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 верасня 2017, 13:45

Лукашэнка: спроба дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў была вельмі непрафесійнай

20 верасня, Барысаўскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Спроба дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў была вельмі непрафесійнай. Такое меркаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў сёння журналістам пасля назірання за ходам сумеснага стратэгічнага вучэння "Захад-2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне наконт апасенняў напярэдадні вучэнняў з боку шэрага заходніх палітыкаў і ваенных, што датычыліся ў прыватнасці таго, што не ўсе расійскія войскі могуць быць выведзены з тэрыторыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я з задавальненнем пракаменцірую гэта праз пэўны час, калі ўсе войскі, якія былі задзейнічаны ў вучэннях, будуць у месцах пастаяннай дыслакацыі, у тым ліку і расійскія".

Тым, хто рабіў спробы дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў, Прэзідэнт параіў "хаця б навучыцца гэта рабіць па-сапраўднаму". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пры колькасці беларускай арміі ў памеры 75 тыс. прысутнасць некалькіх тысяч расійскіх войскаў у Беларусі нічога не змяніла б. "Калі нам трэба вырашаць нейкія праблемы, мы іх будзем вырашаць, і ў выпадку нейкага сутыкнення на заходнім напрамку інтарэсы Расіі і Беларусі перш за ўсё пачынае абараняць і ўступае ў вайну беларуская армія. І праз некаторы час згодна з задумай і нашымі ваеннымі планамі сюды імгненна падключаюцца часці Узброеных Сіл Расіі", - адзначыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што спроба дыскрэдытацыі была вельмі непрафесійнай. "Але давайце пачакаем, што яны будуць гаварыць пасля таго, як усе ўзброеныя сілы, і Расіі, і нашы, будуць на месцах свайго пастаяннага знаходжання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта нават каменціраваць няёмка. І гэта ўжо зразумелі тыя, хто гэтым (дыскрэдытацыяй. - Заўвага БЕЛТА) займаўся", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

"Нападаць мы ні на каго не збіраемся. Але калі нам, па-руску кажучы, "дадуць па мордзе", мы адкажам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі