Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 лютага 2018, 13:52

Лукашэнка растлумачыў сваё рашэнне аб адстаўцы міністраў спорту і лясной гаспадаркі

16 лютага, Слуцк /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з працоўным калектывам Слуцкага цукрова-рафінаднага камбіната растлумачыў сваё рашэнне аб адстаўцы міністраў спорту і лясной гаспадаркі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я не каменцірую свае рашэнні, але магу растлумачыць іх. Вы мае выбаршчыкі, і я абавязаны перад вамі даваць тлумачэнні. Думаю, для вас няма нічога новага ад Лукашэнкі: з першых прэзідэнцкіх выбараў я дакладна народу сказаў, што карупцыі ў Беларусі быць не можа", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў мінулым годзе папярэдзіў усіх міністраў: калі на іх прадпрыемствах выявяць карупцыю, ім давядзецца пакінуць свой партфель.

Нядаўна такія злачынствы былі выяўлены ў Палацы спорту. Яго кіраўнік браў хабары ад жадаючых арандаваць плошчы для продажу тавараў. "Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся", - раскрыў падрабязнасці Прэзідэнт.

Пасля гэтага выпадку за кіраўніком пачалі назіраць. У выніку былі зафіксаваны шматлікія выпадкі хабарніцтва. "Я не веру, што міністр пра гэта не ведаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сферы лясной гаспадаркі таксама была выяўлена карупцыйная схема: добрая драўніна дакументальна выдавалася за некандыцыю і незаконна ішла на экспарт. "Працавалі цэлы год па ўсёй краіне. Які гэта міністр? Што я цярпець павінен такога міністра? На яго ўжо, шчыра кажучы, сорамна было збоку глядзець. Паўстае пытанне: ты працаваў або там быў заадно з імі", - адзначыў Прэзідэнт.

"Ад мяне літасці не чакайце, ніхто. Не таму што я крыважэрны, а таму што карупцыя губіць усё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі