Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 лютага 2018, 13:22

Лукашэнка патрабуе ўзмацніць пакаранні за правапарушэнні ў нецвярозым стане

27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пакаранні за правапарушэнні, учыненыя ў нецвярозым стане, неабходна ўзмацніць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівую трывогу выклікаюць трагічныя здарэнні, у тым ліку на дарогах, якія ўчыняюцца пад уздзеяннем алкаголю.

"Павінны быць строгія меры адказнасці, пачынаючы ад з'яўлення ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах там, дзе не павінен з'яўляцца, і заканчваючы, калі ты сеў у аўтамабіль і забіў чалавека", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што МУС ужо некалькі разоў прапаноўвала ўвесці пэўныя забароны і абмежаванні ў гандлі спіртнымі напіткамі. "Хацелася б пачуць пазіцыю ўрада наконт гэтага і канкрэтныя прапановы, як вырашаць праблему п'янства, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я не прыхільнік усялякіх забарон, і, хутчэй за ўсё, ніякія забароны дадаткова на рэалізацыю спіртнога і гэтак далей мы ўводзіць не будзем".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што любую забарону заўсёды можна абмінуць, што толькі можа ўскладніць сітуацыю ў гэтай сферы. Не дапаможа і павышэнне ўзросту продажу алкаголю да 21 года, перакананы ён. "Так, не трэба прадаваць спіртное каля школ і гэтак далей, нельга прадаваць на аўтобусных прыпынках. Мы прынялі гэтыя рашэнні. Засталося толькі забараніць алкаголь наогул - але мы таксама гісторыю помнім. Гэта пры нашым жыцці было, калі забаранілі алкаголь. Да чаго гэта прывяло?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу, што неабходна ўзмацняць пакаранні за правапарушэнні ў нецвярозым стане. Паводле яго слоў, магчыма, трэба і больш узважана падыходзіць да выдачы вадзіцельскіх правоў. "Пры падрыхтоўцы вадзіцеляў трэба ўзмацняць адказнасць. Але асабліва за тое, калі ты п'яны сеў за руль", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Павінна быць адпаведная строгая мера адказнасці. І з гэтага пункту гледжання я чакаю прапаноў ад пракурора і Адміністрацыі Прэзідэнта. Трэба разбірацца з такімі з'явамі. П'янства - гэта самая страшэнная сёння праблема грамадства. Ва ўсіх сацыялагічных апытаннях насельніцтва ўжо на першае месца ставіць п'янства. Асобна трэба паглядзець на гэту праблему з пункту гледжання закона, прыняцця мер маральнай і іншай адказнасці", - даручыў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі