Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 лістапада 2015, 17:07

Лукашэнка: Беларусь у ваеннай сферы будзе і ў далейшым прытрымлівацца толькі абарончай стратэгіі

3 лістапада, Дзяржынскі раён /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь у ваеннай сферы будзе і ў далейшым прытрымлівацца выключна абарончай стратэгіі. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы РВУП "Завод дакладнай электрамеханікі" ў Дзяржынскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў магчымыя домыслы аб тым, што Беларусь бразгае зброяй або іграе мускуламі. "У нас сёння, заўтра таксама, выключна абаронная стратэгія. Мы ні на кога не збіраемся нападаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы будзем абараняцца ад тых, хто паставіць за сваю мэту на нас нападаць, весці супраць нас вайну". Гэта, падкрэсліў ён, выключна абарончая стратэгія. Сутнасць яе ў тым, каб праціўнік задумаўся, перш чым весці супраць Беларусі вайну або ж ствараць нейкі канфлікт. "Мы павінны нанесці яму непрымальны ўрон, калі ён вырашыць нас атакаваць. Непрымальны ўрон, непрымальныя страты - вось галоўнае. І гэта выключна абарончая тактыка", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі ёсць усе ўзбраенні, але разам з тым ставілася задача распрацаваць сваю ракетную тэхніку, паколькі менавіта яна можа нанесці той самы непрымальны ўрон праціўніку ў выпадку яго з'яўлення, прадоўжыў Прэзідэнт.

Такая тэхніка ў Беларусі была створана. Так, сёння кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам работ па лакалізацыі вытворчасці ракет рэактыўнай сістэмы залпавага агню (РСЗА). Прэзідэнту былі прадстаўлены машыны РСЗА "Паланэз" і абсталяванне для выпрабавання ракетных рухавікоў. "Далей павінен быць новы этап, мы не павінны на гэтым спыняцца, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны ісці далей у рамках міжнародных пагадненняў і дагавораў і ствараць больш сучасную ракетную тэхніку".

Акрамя таго, у Беларусі асвоілі тэхналогіі прадаўжэння тэрміну службы ракет. "10 тыс. у год - гэта вельмі добра. Трэба - значыць паскорымся", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, адобрыўшы такі гаспадарлівы падыход.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі