Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 мая 2018, 16:26

Макей на сустрэчы з пасламі з ЕС адказаў на публічныя выказванні кіраўніка МЗС Літвы ў адрас Беларусі

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння на сустрэчы з дэлегацыяй паслоў па асаблівых даручэннях па справах "Усходняга партнёрства" адказаў на публічныя выказванні кіраўніка МЗС Літвы Лінаса Лінкявічуса ў адрас Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

"У сувязі з нядаўнімі публічнымі выказваннямі ў адрас Беларусі міністра замежных спраў Літвы Уладзімір Макей заявіў прадстаўнікам ЕС наступнае. Дзяржаўны суверэнітэт з'яўляецца вышэйшай каштоўнасцю для Рэспублікі Беларусь. У сучасным свеце не існуе поўнасцю самадастатковых краін. Некаторыя з дзяржаў, якія абвінавачваюць Беларусь у "залежнасці" ад трэціх краін, самі ў значнай ступені залежаць ад Беларусі", - адзначылі ў МЗС.

Са спасылкай на Уладзіміра Макея там таксама заявілі, што ўзнікаючыя складанасці з перасячэннем беларуска-літоўскай граніцы галоўным чынам звязаны з недастатковай развітасцю мытнай інфраструктуры на літоўскім баку. У сувязі з гэтым літоўскаму боку рэкамендавана давесці яе стан як мінімум да такога ўзроўню, якога дасягнула Беларусь пры садзейнічанні ЕС. Беларускі бок гатовы сумесна з Літвой працаваць над устараненнем бар'ераў для паездак грамадзян і спрашчэннем парадку перасячэння граніцы.

"Насуперак заявам кіраўніка літоўскага МЗС Беларусь поўнасцю адкрыта да дыялогу па тэматыцы будаўніцтва Беларускай АЭС з профільнымі міжнароднымі структурамі і перш за ўсё МАГАТЭ. Сцвярджэнні аб тым, што Беларусь, нібыта, здольна "маніпуліраваць" меркаваннем найбольш аўтарытэтнай у свеце арганізацыі ў сферы бяспекі аб'ектаў ядзернай энергетыкі, бяздоказныя і не сведчаць аб высокім прафесіяналізме іх аўтараў", - праінфармавалі ў прэс-службе аб змесце праведзенай размовы.

Уладзімір Макей таксама адзначыў, што Беларусь з'яўляецца надзейным і прадказальным партнёрам ЕС, а не крыніцай нестабільнасці, і не патрабуе для сябе членства ў Еўрасаюзе або нейкіх прэферэнцыйных адносін з ім. Беларускі бок зацікаўлены ў нармальным, прагматычным і ўзаемавыгадным супрацоўніцтве. У сувязі з гэтым неабходна надаць узаемаадносінам больш структураваны і ўстойлівы характар у інтарэсах абодвух бакоў і рэгіянальнай стабільнасці ў цэлым, падкрэсліў міністр замежных спраў.

У сустрэчы прынялі ўдзел паслы па асаблівых даручэннях з Польшчы, Швецыі, Нідэрландаў, Румыніі, Фінляндыі, Славеніі, Венгрыі, Славакіі, Літвы, Вялікабрытаніі, Аўстрыі і Германіі, а таксама кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын. Дэлегацыя знаходзіцца ў Беларусі з рабочым візітам.

Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі аб стане адносін па лініі Беларусь - ЕС і шляхах павышэння практычнай аддачы ад "Усходняга партнёрства". Бакі, у прыватнасці, абмеркавалі падрыхтоўку нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў і кіраўнікоў "лічбавых" ведамстваў "Усходняга партнёрства" ў Мінску 21-22 чэрвеня 2018 года, а таксама рэалізацыю дамоўленасцей па выніках саміту краін - удзельніц ініцыятывы ў Бруселі ў 2017 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі