Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 верасня 2017, 18:21

У Беларусі і Індыі ёсць патэнцыял павялічыць тавараабарот да $1 млрд у бліжэйшыя гады - Улаховіч

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі і Індыі ёсць патэнцыял павялічыць тавараабарот да $1 млрд у бліжэйшыя гады, паведаміў сёння старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"На маю асабістую думку, для Беларусі і Індыі перайсці за мільярд ($1 млрд тавараабароту. - Заўвага БЕЛТА) - гэта цалкам рэальна", - адзначыў Уладзімір Улаховіч. Ён растлумачыў, што размова ідзе аб павелічэнні ўзаемнага тавараабароту ў бліжэйшыя гады. У першым паўгоддзі 2017 года ўжо назіраецца рост гэтага паказчыка. "Калі ўзяць пад увагу кантракты, падпісаныя на форуме, - зразумела, мы яшчэ падрасцём ужо ў гэтым годзе", - заявіў старшыня БелГПП.

Пры гэтым Уладзімір Улаховіч адзначыў, што індыйскаму рынку будуць цікавыя тыя таварныя пазіцыі, якія Беларусь актыўна прапануе. "У першую чаргу, гэта наш машынабудаўнічы блок. У іх запатрабавана практычна ўся лінейка тэхнікі БелАЗ, МТЗ, МАЗ, "Гомсельмаш". Усё, што датычыцца сельгастэхнікі, камунальнай будаўнічай тэхнікі, там запатрабавана", - падкрэсліў ён.

Што датычыцца супрацоўніцтва ў новых галінах, то, паводле слоў Уладзіміра Улаховіча, размова можа ісці аб сферы будаўніцтва, нафтахіміі. "Акрамя таго, хоць Індыя - вядомы вытворца тэкстылю, беларускі лён, а таксама тканіны, якія вырабляе "Магатэкс", аказаліся запатрабаваныя на іх рынку. Яшчэ адна вялікая тэма - гэта прадукты харчавання і аграрная сфера. Яе таксама трэба будзе ў бліжэйшы час сур'ёзна развіваць", - растлумачыў ён.

Кіраўнік БелГПП падкрэсліў, што для Беларусі Індыя - стратэгічны партнёр з пункту гледжання ёмістасці рынку. "Экспарт з'яўляецца ключавым для нашай эканомікі. Калі мы маем сур'ёзнага партнёра, развіваем нашу экспартную лінію з ім, выходзім на рынкі трэціх краін - гэта дае вынік", - канстатаваў ён.

У цэлым штогадовы беларуска-індыйскі тавараабарот у перыяд з 2014 па 2016 год знаходзіўся на адзнацы каля $400 млн з дадатным для Беларусі сальда. Па выніках студзеня-ліпеня 2017 года ён склаў $228,5 млн.

У Нью-Дэлі 11 верасня адбыўся беларуска-індыйскі бізнес-форум. У ім прыняла ўдзел прадстаўнічая беларуская дэлегацыя, у склад якой увайшлі члены ўрада, кіраўнікі канцэрнаў, прадпрыемстваў і кампаній. Дзелавыя колы дзвюх краін абмеркавалі перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў сферах машынабудавання і дрэваапрацоўкі, нафтахіміі і горназдабываючай прамысловасці, фармацэўтыкі, біятэхналогій, харчовай прамысловасці, адукацыі і медыцыны, інфармацыйных тэхналогій і паслуг, гандлю і інвестыцый, экспартна-імпартных аперацый і фінансавай дзейнасці, рэалізацыі інфраструктурных праектаў і іншых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі