Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 верасня 2016, 16:35

Нікандрава: за пяць гадоў работы НАІП удалося заваяваць давер інвестараў

22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За пяць гадоў работы Нацыянальнаму агенцтву інвестыцый і прыватызацыі Беларусі ўдалося заваяваць давер інвестараў, заявіла сёння дырэктар НАІП Наталля Нікандрава ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

"Самае галоўнае наша дасягненне за час работы - гэта тое, што створаны пэўны патэнцыял, тое, што ў нас працуюць людзі, якія разумеюць, у якім напрамку мы рухаемся, як рэалізуем пастаўленыя перад намі задачы. Мы таксама ўжо заслужылі давер - інвестары нам давяраюць і рэкамендуюць адзін аднаму. Гэта вельмі прыемна, калі табе звоняць і гавораць, што дзесьці ў Казахстане на нейкай сустрэчы інвестарам, якія хочуць працаваць у Беларусі, парэкамендавалі звярнуцца да нас", - падкрэсліла яна.

Наталля Нікандрава нагадала, што Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі існуе пяць гадоў. "Гэта няшмат, у нас вельмі малады калектыў, і зразумела, што гэтыя гады ішло пэўнае фарміраванне разумення задач, якія перад намі стаяць, і таго, як гэтыя задачы могуць быць рэалізаваны. Асноўная мэта, якая ставілася пры стварэнні НАІП, - аказанне дапамогі і падтрымкі ў прыцягненні прамых замежных інвестыцый у краіну. Мы - тая арганізацыя, якая працуе з замежнымі кампаніямі, што праяўляюць цікавасць да Беларусі", - растлумачыла яна.

Акрамя таго, паводле слоў дырэктара НАІП, задача агенцтва - пашыраць інвестыцыйны патэнцыял Беларусі за мяжой. "Мы стараемся прыцягнуць як мага больш увагі да тых магчымасцей, што ў нас ёсць, каб інвестары да нас прыехалі, паглядзелі і, магчыма, на нейкім этапе прынялі рашэнне па арганізацыі тут свайго бізнесу. Акрамя таго, НАІП рэалізуе сумесны пілотны праект з Сусветным банкам па правядзенні так званай узорнай прыватызацыі. Гэта таксама адна з мэт нашага агенцтва, для чаго яно стваралася", - расказала яна.

Гаворачы аб магчымым алгарытме дзеянняў пры рабоце з патэнцыяльнымі інвестарамі, Наталля Нікандрава адзначыла, што адназначнага алгарытму прадугледзець немагчыма. "Кожны выпадак індывідуальны і мае свае асаблівасці. Часцей за ўсё, калі інвестар прыязджае ў краіну, у яго ўжо ёсць бачанне бізнесу, пэўныя інтарэсы. Усё залежыць ад таго, у якой плоскасці ляжаць гэтыя інтарэсы. Звычайна мы расказваем нейкую агульную інфармацыю, стараемся адказаць на ўсе пытанні. Калі трэба - праводзім маркетынгавыя даследаванні, падбіраем пляцоўкі, стараемся арганізаваць інвестарам магчымы доступ да пэўных рэсурсаў, якія патрабуюцца для арганізацыі бізнесу, гэта могуць быць або сыравіна, або чалавечыя рэсурсы. Дапамагаем атрымаць зямельны ўчастак для рэалізацыі праекта. Усё залежыць ад канкрэтных інтарэсаў і канкрэтнага інвестыцыйнага праекта. Але пры гэтым мы заўсёды спрабуем захаваць узаемныя інтарэсы дзяржавы і інвестара", - рэзюмавала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі