Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 красавіка 2018, 10:30

Мінжылкамгас расказаў аб прапануемым механізме фінансавання цеплавой мадэрнізацыі жылля

4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб прапануемым механізме фінансавання цеплавой мадэрнізацыі жылля расказаў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла ў час панэльнай дыскусіі "Магчымасці павышэння эфектыўнасці сістэмы цепла- і водазабеспячэння ў Беларусі". Мерапрыемства праходзіць сёння ў Мінску ў рамках міжнароднай выстаўкі "Вада і цяпло", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Генадзь Трубіла нагадаў, што ў 2016 годзе цеплавая мадэрнізацыя была выключана з пераліку работ па капітальным рамонце жылых дамоў. "Падрыхтавана канцэпцыя нарматыўна-прававога акта. У фонд цеплавой мадэрнізацыі плануецца накіраваць частку фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца на капітальны рамонт. Фонд часткова напоўняць адлічэнні грамадзян, якія плацяць за прыватызацыю жылля. Прадугледжваецца ўдзел сродкаў грамадзян, у чыіх дамах будзе праведзена цеплавая мадэрнізацыя. Сумесна з дэпартаментам па энергаэфектыўнасці разглядаем пытанне аб прыцягненні знешніх пазык. Вядуцца перагаворы з Сусветным банкам, - сказаў Генадзь Трубіла. - Плануем зрабіць дыферэнцыраваны падыход пры вызначэнні долей фінансавання з боку фонду і з боку насельніцтва. Калі будзе дасягацца максімальны эфект пры цеплавой мадэрнізацыі, то доля сродкаў фонду будзе максімальнай - 80 працэнтаў ад кошту".

Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў, што пры правядзенні цеплавой мадэрнізацыі будзе прымяняцца заяўны прынцып. "Ніхто нікога прымушаць агульна праводзіць цеплавую мадэрнізацыю не будзе. Калі грамадзяне вызначацца, прагаласуюць за гэта, арганізацыя ЖКГ або таварыства ўласнікаў будуць выступаць у якасці арганізатара гэтага працэсу. Затым распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя, у якой будзе падлічана, колькі грамадзяне сэканомяць на цяпле. У залежнасці ад эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў доля грамадзяніна ў фінансаванні будзе змяншацца або павялічвацца", - растлумачыў Генадзь Трубіла.

Праект нарматыўна-прававога акта прадугледжвае фіксаваны памер штомесячных адлічэнняў уласнікамі жылля. "Гэта значыць грамадзянін зрабіў цеплавую мадэрнізацыю на сродкі з фонду, потым у гэты фонд будзе адлічаць, - адзначыў намеснік міністра. - Дакумент абмяркоўваецца сумесна з дэпартаментам па энергаэфектыўнасці і з усімі зацікаўленымі. У бліжэйшы час ён будзе вынесены на публічнае абмеркаванне".

Асноўнай задачай цеплавой мадэрнізацыі Генадзь Трубіла назваў давядзенне ўдзельнага цепласпажывання дома да ўзроўню 90 кВт.гадз/кв.м і ніжэй. "Далейшыя мерапрыемствы, звязаныя з эканоміяй паліўна-энергетычных рэсурсаў, патрабуюць большых фінансавых затрат", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі