Сцяг Серада, 26 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 кастрычніка 2015, 18:23

Дзяржпраграма развіцця вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў не выканана - Анфімаў

29 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Практычна ўсе заданні Дзяржаўнай праграмы развіцця вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў на 2010-2015 годы не выкананы. Аб гэтым заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў сёння на пасяджэнні калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікі пасяджэння разглядалі вынікі праверкі выкарыстання сродкаў, што накіроўваюцца на выкананне Дзяржаўнай праграмы развіцця вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў на 2010-2015 гады. "Штогод дзяржава траціць вялікія грошы на лячэнне і прафілактыку захворванняў у жывёл - да $0,5 млрд. Наколькі эфектыўна расходуюцца гэтыя сродкі? Ці ўсё робяць атрымальнікі бюджэтных сродкаў для таго, каб паставіць надзейны заслон марнатраўству і непрадуманым тратам. Ці дасягнуты мэты, на якія накіроўваюцца матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы? - задаў пытанні кіраўнік КДК. Адказы несуцяшальныя.

У поўным аб'ёме абавязацельствы па дзяржпраграме выкананы толькі з боку дзяржавы - па фінансаванні распрацоўкі тэхналогій новых ветпрэпаратаў, на гэтыя мэты накіравана з рэспубліканскага бюджэту Br26,2 млрд. Прадугледжвалася, што рэалізацыя дзяржпраграмы дасць магчымасць забяспечыць жывёлагадоўлю айчыннымі ветпрэпаратамі ў аб'ёме да 85 працэнтаў ад патрэбнасці, выключыць залежнасць ад замежных вытворцаў, папярэдзіць некатралюемы рост цэн, патанніць і пашырыць аб'ём прафілактыкі захворванняў сельскагаспадарчых жывёл і птушак. Аднак мінула амаль 6 гадоў, але мала зроблена па выкананні заданняў праграмы як з боку дзяржаўнага заказчыка-каардынатара - Мінсельгасхарча, так і з боку выканаўцаў - Нацыянальнай акадэміі навук, ААТ "БелВітуніфар".

Практычна ўсе заданні праграмы не выкананы, канстатаваў Леанід Анфімаў. Камітэт дзяржаўнага кантролю адной з асноўных прычын невыканання праграмы лічыць адсутнасць сістэмнай работы ў пытаннях распрацоўкі, асваення і вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў. Як вынік, значную частку патрэбнасці ў ветпрэпаратах рэспубліка па-ранейшаму пакрывае за кошт імпарту (іх доля - амаль 75 працэнтаў). "На мільёны долараў увозім імпартных прэпаратаў, якія маглі б вырабляць у сябе ў краіне. Для гэтага ёсць усе магчымасці - і навуковыя, і вытворчыя", - адзначыў кіраўнік КДК.

Устаноўлены абуральныя факты неэфектыўнага расходавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Мелі месца факты парушэнняў заканадаўства аб ліцэнзаванні ветэрынарнай дзейнасці Мінсельгасхарчам.

У цэлым парушэнні бюджэтнага заканадаўства і адсутнасць належнага кантролю з боку органаў кіравання, да кампетэнцыі якіх аднесены пытанні ветэрынарнай справы, прывялі да празмернага расходавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў суме Br15,7 млрд, прычынення шкоды ў суме Br1,1 млрд, а парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні - да атрымання даходу ад ветэрынарнай дзейнасці, якая ажыццяўлялася з парушэннем правіл і ўмоў яе ажыццяўлення, у суме Br1,7 млрд. У праваахоўныя органы перададзена 5 матэрыялаў праверак для прававой ацэнкі.

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў КДК Сяргей Федчанка, аб'ём унутранага рынку ветэрынарных прэпаратаў ацэньваецца ў памеры $170-200 млн, а з улікам кармавых дабавак і тавараў ветэрынарнага прызначэння - да $0,5 млрд. Праграма была нацэлена на асваенне вытворчасці высакаякасных канкурэнтаздольных ветэрынарных прэпаратаў, павышэнне выпуску экалагічна чыстай прадукцыі жывёлагадоўлі і павелічэнне яе экспарту. Але праграма поўнасцю правалена, падкрэсліў прадстаўнік КДК.

Так, з прадугледжаных 50 новых прэпаратаў распрацаваны тэхналогіі вытворчасці толькі 35. "Грошы праелі, а работу не зрабілі", - сказаў Сяргей Федчанка. Пры гэтым асвоены выпуск толькі аднаго прэпарату, у 2015 годзе пачаты выпуск яшчэ 3 аналагічных прэпаратаў. Астатнія распрацоўкі (31 тэхналогія) ужо два гады незапатрабаваны. Больш таго, узнікаюць сумненні ў наяўнасці гэтых распрацовак (па адной з іх - вакцыне супраць класічнай чумы свіней - генпракуратурай узбуджаны шэраг крымінальных спраў).

ААТ "БелВітуніфарм" не забяспечыла планавы аб'ём выпуску ветэрынарных хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў. З запланаваных да вытворчасці 24 найменняў ін'екцыйных лячэбных прэпаратаў "БелВітуніфарм" асвоіў магутнасці па 2 прэпаратах, з 9 найменняў прэпаратаў для вонкавага прымянення - 2. З 1 верасня 2011 года прадпрыемства павінна было выйсці на праектную магутнасць па вытворчасці вакцыны эмульгіраванай супраць пастэрэлёзу буйной рагатай жывёлы (0,1 тыс. л у год). Аднак за 4 гады не выраблена ніводнага літра вакцыны. Аналагічны стан спраў і па іншых прэпаратах.

Ветэрынарныя заводы сістэмы ААТ "Белзоаветснабпрам" у 2014 годзе недавыканалі заданне па вытворчасці раствораў (82,4 працэнта) і парашкоў (89,9 працэнта). "Белзоаветснабпрам" не прымае мер па пашырэнні асартыменту ветпрэпаратаў, а таксама па выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі. Для параўнання: ТАА "Рубікон" (Віцебск), якое не з'яўляецца выканаўцам дзяржпраграмы, у 2014 годзе вырабіла ветпрэпаратаў на 20 працэнтаў больш, чым усе чатыры заводы "Белзоаветснабпрама", а на экспарт прадпрыемства паставіла прадукцыі амаль на $3 млн - у 20 разоў больш.

Не выканана заданне дзяржпраграмы па асваенні вытворчасці канкурэнтаздольных ветпрэпаратаў для жывёл у адпаведнасці з патрабаваннямі Належнай вытворчай практыкі (GMP). Сертыфікат GMP мае толькі адзін айчынны вытворца з 62 уключаных у Дзяржаўны рэестр ветэрынарных прэпаратаў. Між тым Расійская Федэрацыя мае намер ужо з 2016 года перайсці на гэтыя стандарты і забараніць увоз на сваю тэрыторыю прадукцыі, вырабленай без выканання адпаведных умоў. Таму пытанне сертыфікацыі вельмі актуальна.

Не менш вострая тэма - цэны на ветпрэпараты. Камітэт дзяржкантролю прапануе разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці ўвядзення дзяржаўнага рэгулявання цэн на ветэрынарныя прэпараты. Адсутнасць такога рэгулявання дае магчымасць гандлюючым арганізацыям прымяняць пры іх продажы надбаўку ў неапраўдана вялікіх памерах, а рэалізацыя праз пасрэднікаў значна павялічвае кошт для сельгасарганізацый. Напрыклад, прэпарат "Ёдапен" куплены сельгасарганізацыяй з надбаўкай 130,2 працэнта. "У выніку гэтыя неапраўданыя затраты кладуцца на сабекошт сельгаспрадукцыі і прыводзяць да яе падаражэння", - адзначыў Сяргей Федчанка.

Пры гэтым у Беларусь завозяцца ветпрэпараты, аналагічныя беларускім. Напрыклад, двойчы ў год ААТ "Белзоаветснабпрам" за кошт рэспубліканскага бюджэту экспартуе з Расіі вакцыназмяшчальныя блістар-прынады супраць шаленства дзікіх драпежных жывёл. Хоць у рэспубліцы такія прынады вырабляюцца РУП "Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя Вышалескага" і ААТ "БелВітуніфарм". У 2013-2015 гадах "Белзоаветснабпрам" закупіў у ТАА "Белветагра" расійскіх прынад на Br62,8 млрд, а ў беларускага ААТ "БелВітуніфарм" - толькі на Br39,8 млрд, прычым прынады ідэнтычныя. А ў 2013 годзе беларускія прынады былі набыты не ў вытворцы, а ў той жа камерцыйнай структуры.

КДК лічыць неабходным разгледзець пытанне аб абмежаванні выкарыстання імпартных ветпрэпаратаў, аналагічных айчыннай ветпрадукцыі.

Асаблівая ўвага была ўдзелена рэалізацыі проціэпізаатычных мерапрыемстваў. Штогод з рэспубліканскага бюджэту ажыццяўляецца фінансаванне такіх мерапрыемстваў. За два з палавінай года на закупку прынад, паслугі па іх раскіданні і даследаванне проб біяматэрыялу дзікіх жывёл з бюджэту накіравана Br116,6 млрд, або 61,4 працэнта ад агульнага аб'ёму фінансавання проціэпізаатычных мерапрыемстваў. У рэспубліцы запланавана раскіданне двойчы ў год блістар-прынад супраць шаленства дзікіх драпежных жывёл з разліку па 20 доз на 1 кв.км. Колькасць выпадкаў захворвання жывёл на шаленства значна знізілася, але Мінсельгасхарч і дэпартамент ветнагляду пастаянна павялічваюць колькасць раскідвальных прынад (у сувязі з чым залішне расходавана Br15,7 млрд).

Адсутнасць належнага кантролю з боку Мінсельгасхарча і дэпартамента ветнагляду прывяло не толькі да дадатковых расходаў на закупку прынад, але і прычынення шкоды пры выкарыстанні сродкаў бюджэту на аплату работ па раскіданні прынад з выкарыстаннем паветраных суднаў. Завышэнне колькасці лётных гадзін і змяншэнне фактычна апрацаванай прынадамі плошчы садзейнічала атрыманню за кошт рэспубліканскага бюджэту ўсімі суб'ектамі даходаў у разы больш, чым вызначана калькуляцыямі. Акрамя таго, усе арганізацыі, што ажыццяўляюць раскіданне прынад (ЧЗУП "Аэраінжынірынг", ТАА "Авіякампанія Аіст", ТАА "Школа пілотаў") прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання без выплаты ПДВ у памеры 5 працэнтаў адносна выручкі ад рэалізацыі работ. Такім чынам, яны ўмудраюцца за кошт дзяржавы аптымізаваць свае расходы, дадаў Сяргей Федчанка.

Засталося дыскусійным пытанне раскідвання прынад з самалётаў - магчыма, мэтазгодна частку гэтых работ перадаць леснікам, егерам.

Прафілактыка шаленства - агульнадзяржаўная задача. З гэтай хваробай вядуць барацьбу практычна ва ўсім свеце. Многія еўрапейскія краіны ў гэтым дабіліся поспеху - шаленства там практычна ліквідавана. На думку спецыялістаў, праводзімая ў Беларусі работа недастаткова эфектыўная, у тым ліку і па прычыне адсутнасці комплекснага падыходу да вырашэння гэтай праблемы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі