Сцяг Нядзеля, 21 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 чэрвеня 2024, 13:27

Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву ВНУ Беларусі і КНР аб стварэнні Цэнтра фундаментальных даследаванняў

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву ВНУ Беларусі і КНР аб стварэнні Цэнтра фундаментальных даследаванняў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 25 чэрвеня на сустрэчы з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта Хаа Пінам і прадстаўнікамі кітайскіх універсітэтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Падтрымліваю ініцыятыву аб стварэнні Цэнтра фундаментальных даследаванняў. Упэўнены, што яго дзейнасць стане новым вітком навукова-тэхнічнага развіцця. І ўлічваючы, што ў нас абсалютна няма закрытых тэм ад нашых сяброў у Кітаі, мы гатовы дзяліцца ў тым ліку і тымі тэхналогіямі, якімі Кітай сёння не валодае. Вы - нашы сябры, вы - нашы браты, вы на нас можаце разлічваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў разгледзець магчымасць правядзення ў будучым 2025 годзе ў рамках Дзён дружбы і адзінства БДУ і Пекінскага ўніверсітэта сумеснага маладзёжнага форуму.

"Трэба зрабіць такія форумы штогадовымі з запрашэннем да ўдзелу ў іх студэнтаў з універсітэтаў-партнёраў", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама падзякаваў кітайскаму боку і асабіста Хаа Піну за ўвагу і падтрымку ў рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы па спецыяльнасці "біятэхналогія". "Нашы хлопцы і дзяўчаты вельмі задаволены навучаннем па гэтай праграме. Хацелася б, каб такіх праграм было больш. Гэты напрамак для нас вельмі важны, і беларускі бок зацікаўлены распаўсюдзіць гэту праграму на ўзровень магістратуры", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў важнасць правядзення ў ходзе Форуму рэктараў ВНУ Беларусі і КНР аналізу ўсіх дамоўленасцей па сумесных адукацыйных праграмах. Аляксандр Лукашэнка лічыць важным вызначыць найбольш прыярытэтныя праграмы і пачаць іх рэалізацыю, у тым ліку з прыцягненнем патэнцыялу запланаванага да адкрыцця Цэнтра фундаментальных даследаванняў.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць: "Форум рэктараў стане паслядоўным і лагічным працягам актыўнага дыялогу паміж установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін".

"Усе дасягнутыя дамоўленасці ўмацуюць наша супрацоўніцтва і паслужаць агульнай справе ў інтэграцыі з Вялікім Кітаем", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сустрэчы прымаюць удзел кіраўнікі 15 кітайскіх ВНУ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн, а таксама міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец і рэктары дзевяці беларускіх ВНУ, у тым ліку рэгіянальных. Сярод удзельнікаў - прадстаўнікі Пекінскай, Нанькайскай, Паўднёва-Усходняй, Уханьскай, Цзіліньскай і іншых кітайскіх ВНУ.

Прадстаўнічая кітайская дэлегацыя рэктараў шэрага кітайскіх ВНУ прыбыла ў Мінск для ўдзелу ў Форуме рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая. У праграме - пленарнае пасяджэнне і тэматычныя секцыі, сумесны канцэрт творчых калектываў БДУ і Пекінскага ўніверсітэта, правядзенне двухбаковых перагавораў паміж установамі адукацыі дзвюх краін, наведванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі