Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 лютага 2016, 18:00

Тэмы Года культуры і юбілейных дат стануць ключавымі на Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмы Года культуры і юбілейных дат стануць ключавымі ХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, Год культуры і падрыхтоўка да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання - яркія тэмы, якія заслугоўваюць вялікай увагі. Знойдуць сваё адлюстраванне таксама тэмы 25-годдзя СНД, 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы, 70-годдзя ААН, 400-й гадавіны памяці Уільяма Шэкспіра, юбілейных дат Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Уладзіміра Мулявіна.

Гэтыя тэмы знаходзяць адлюстраванне не толькі ў літаратуры, адзначыла Лілія Ананіч. Але кніга выконвае згуртавальную ролю, яна аб'ядноўвае вакол сябе і вучоных, і пісьменнікаў, і грамадскіх дзеячаў, і чытачоў, адзначыла міністр. У праграме выстаўкі заяўлены цікавыя тэматычныя круглыя сталы. Атрымае працяг акцыя "Сямейнае чытанне", калі наведвальнікам нацыянальнага стэнда прапануецца разам чытаць класіку беларускай літаратуры.

Міністр падкрэсліла, што краіны - удзельніцы выстаўкі прапануюць вельмі цікавыя праграмныя мерапрыемствы. "Кожная краіна праз кнігу імкнецца паказаць лепшыя дасягненні, якія ўзбагачаюць не толькі культуру кожнай краіны, а наогул з'яўляюцца ўкладам у развіццё гуманітарнага супрацоўніцтва паміж краінамі", - адзначыла Лілія Ананіч.

XXIII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе 10-14 лютага. Амаль 300 экспанентаў з 29 краін заявілі аб удзеле ў выстаўцы. Кнігавыдаўцы з Расіі, Казахстана, Украіны, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых краін стануць актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў выстаўкі. Выдаўцы з розных краін прадставяць новыя кніжныя праекты, адбудуцца сустрэчы з вядомымі беларускімі і замежнымі аўтарамі, будзе арганізаваны шырокі гандаль кніжнай прадукцыяй.

Краінай - ганаровым госцем выступіць Арменія. Арганізатарамі форуму з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Уваход на выстаўку бясплатны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі