16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі конкурс "Горад культуры" па выніках 2017 года аб'явіла Міністэрства культуры Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Конкурс праводзіцца па намінацыях: "Лепшы абласны цэнтр", "Лепшы горад абласнога падпарадкавання", "Лепшы горад раённага падпарадкавання", "Лепшы пасёлак гарадскога тыпу", "Лепшы аграгарадок".
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна сфарміраваць пакет матэрыялаў. Гэта аналітычная справаздача аб развіцці культуры ў населеным пункце за 2017 год з адлюстраваннем паказчыкаў развіцця, дадаткова прыкладаецца інфармацыя аб праектах, праграмах, відэа- і фотаматэрыялы, публікацыі, рэцэнзіі, неабходныя для прэзентацыі ў намінацыі.
Матэрыялы ўдзельнікаў гарадскія і раённыя выканкамы да 5 студзеня 2018 года павінны накіраваць у абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, якія да 12 студзеня прадставяць інфармацыю ў Міністэрства культуры.
Журы конкурсу да 25 студзеня вызначыць пераможцаў, якія будуць узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі ў памеры ад 100 да 150 базавых велічынь у залежнасці ад намінацыі (цяпер 1 БВ складае Br23).
Конкурс праводзіцца ў мэтах павелічэння эфектыўнасці выкарыстання культурнага патэнцыялу населеных пунктаў Беларусі, павышэння ўзроўню культурнага абслугоўвання насельніцтва, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, звычаяў і традыцый, рэалізацыі наватарскіх культурных праектаў, эстэтызацыі населеных пунктаў.
Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства культуры, аблвыканкамы і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
Інструкцыя аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу размешчана на сайце Мінкультуры.-0-