Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 лістапада 2020, 16:11

Зніжэнне ў 2020 годзе выкідаў вуглякіслага газу не аслабіць парніковы эфект - СМА

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) прагназуе зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу ў 2020 годзе на 4,2-7,5 працэнта з-за пандэміі каранавіруса. Разам з тым, адзначае СМА, такое змяншэнне эмісіі не прывядзе да змяншэння канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў атмасферы і не спыніць пацяпленне клімату, паведамляе ТАСС.

Паводле прагнозаў экспертаў, канцэнтрацыя вуглякіслага газу прадоўжыць расці крыху меншымі тэмпамі (зніжэнне на 0,08-0,23 частак на мільён). Гэта зніжэнне істотна меншае за прыродную штогадовую варыянтнасць, што складае адну часціцу на мільён. Гэта азначае, што ў кароткатэрміновай перспектыве наступствы звязанага з COVID-19 лакдаўну не могуць адрознівацца ад прыроднай варыянтнасці, гаворыцца ў інфармацыйным бюлетэні СМА.

Як растлумачылі ў СМА, закрыццё прамысловых прадпрыемстваў з-за пандэміі каранавіруса не спыніла рэкордныя ўзроўні парніковых газаў, якія ўтрымліваюць цяпло ў атмасферы, што прыводзіць да павелічэння тэмпературы, выклікае ўзрастуючую колькасць экстрэмальных з'яў надвор'я, раставанне леднікоў, павышэнне ўзроўню мора і кіслотнасці акіянаў.

У 2019 годзе ўзровень вуглякіслага газу ў атмасферы дасягнуў новага рэкорду ў памеры 410 частак на мільён, і ў 2020-м рост прадоўжыўся. З 1990 года парніковы эфект на Зямлі, выкліканы даўгавечнымі газамі, узмацніўся на 45 працэнтаў. Прычым на 80 працэнтаў гэты рост быў абумоўлены канцэнтрацыяй CO2.

"Вуглякіслы газ застаецца ў атмасферы на працягу стагоддзяў, а ў акіянах нават даўжэй. Апошні раз Зямля адчувала падобную канцэнтрацыю CO2 3-5 млн гадоў таму, калі было на 2-3 градусы па Цэльсію цяплей, а ўзровень мора быў на 10-20 м вышэйшы, чым цяпер", - заявіў генеральны сакратар СМА Петэры Таалас. "Аднак у той час на планеце не было 7,7 млрд людзей", - канстатаваў ён. Кіраўнік арганізацыі нагадаў, што парог канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў памеры 400 частак на мільён быў пройдзены ў 2015 годзе. Праз чатыры гады канцэнтрацыя перасягнула 410 частак на мільён. "Такіх тэмпаў росту ніколі не было за час назіранняў", - адзначыў генсакратар. Паводле слоў Петэры Тааласа, пандэмія каранавіруса зусім не вырашае праблему змянення клімату. Аднак яна служыць платформай для больш устойлівых і амбіцыйных крокаў, накіраваных на зніжэнне выкідаў да нуля шляхам поўнай трансфармацыі індустрыяльнай, энергетычнай і транспартнай сістэм.

Паводле даных СМА, у верасні 2020 года абсерваторыя Мауна-Лоа на Гаваях (ЗША) зарэгістравала канцэнтрацыю CO2 у атмасферы ў памеры 411,29 часткі на мільён. На год раней гэты паказчык складаў 408,54 часткі на мільён. Як адзначаецца ў інфармацыйным бюлетэні, з 2018-га па 2019 год у атмасферы Зямлі вырасла таксама канцэнтрацыя метану і аксіду азоту - газаў, якія нараўне з CO2 выклікаюць парніковы эфект.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі