Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
05 сакавіка 2020, 09:46

З-за каранавіруса школы закрыты ўжо ў 15 краінах - ЮНЕСКА

5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Улады 15 дзяржаў і тэрыторый прынялі рашэнне часова цалкам закрыць школы ў інтарэсах барацьбы з распаўсюджваннем новага каранавіруса. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на Арганізацыю ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

Такія меры прыняты ўжо, у прыватнасці, у Іране, Італіі, Кітаі, КНДР, Кувейце, Ліване, Манголіі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Японіі. У выніку не будуць наведваць навучальныя ўстановы больш як 290,5 млн дзяцей і падлеткаў.

Акрамя таго, школы закрыты ў асобных раёнах яшчэ дзевяці дзяржаў, уключаючы Вялікабрытанію, В'етнам, Германію, Пакістан, ЗША, Францыю, Рэспубліку Карэя. Эксперты ЮНЕСКА лічаць, што ў некаторых краінах гэта стварае праблемы з харчаваннем дзяцей, якія цяпер не маюць магчымасці атрымліваць абеды ў школе. Бацькі, якія вымушаны заставацца дома з дзецьмі, сутыкаюцца з пагрозай страты работы і зніжэння даходаў.

ЮНЕСКА ў сувязі з гэтым плануе 10 сакавіка правесці экстранную сустрэчу міністраў адукацыі для абмеркавання існуючай сітуацыі і выпрацоўкі мер па захаванні сістэмы бесперапыннай і роўнай для ўсіх школьнай адукацыі.

Успышка выкліканага новым каранавірусам захворвання была зафіксавана ў канцы снежня 2019 года ў кітайскім горадзе Ухань. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала яе эпідэміяй са шматлікімі ачагамі і надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу. За межамі Кітая больш за ўсё заразіліся ў Рэспубліцы Карэя, Іране і Італіі. Усяго ж выпадкі заражэння былі выяўлены больш як у 70 краінах. У Кітаі, на які прыпадае асноўная колькасць хворых, зафіксавана амаль 3 тыс. смяротных зыходаў, выздаравелі больш за 52 тыс. чалавек, колькасць выпадкаў заражэння засталася каля адзнакі 80 тыс. Паводле даных СААЗ, за межамі КНР колькасць хворых дасягнула амаль 12,7 тыс., звыш 210 чалавек памерлі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі