Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
14 ліпеня 2021, 13:04

Вялікім круізным лайнерам забароняць заплываць у цэнтр Венецыі

14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікія судны, уключаючы круізныя лайнеры, не змогуць больш праходзіць праз канал Джудэка і праплываць перад цэнтральнай плошчай Венецыі Сан-Марка. Адпаведны закон адобраны кабінетам міністраў Італіі, паведамляе Deutsche Welle.

"Гэты крок неабходны для таго, каб засцерагчы прыроду, ландшафт, а таксама мастацкую і культурную цэласнасць Венецыі", - заявіў міністр інфраструктуры Энрыка Джаваніні. Кіраўнік італьянскага Мінкульта Дарыа Франчэскіні назваў дзень прыняцця гэтага закона гістарычным.

Абмежаванні ўступяць у сілу з 1 жніўня.

У дакуменце адзначаецца, што забарона распаўсюджваецца на караблі, якія адпавядаюць хаця б аднаму з наступных крытэрыяў: умяшчальнасць больш за 25 тыс. т, даўжыня больш за 180 м або вышыня звыш 35 м. Закон прадугледжвае стварэнне фонду для выплаты кампенсацый кампаніям і іх супрацоўнікам, якія пацерпяць ад абмежаванняў.

Да пандэміі COVID-19 мільёны наведвальнікаў прыплывалі ў Венецыю на круізных лайнерах. Хвалі, якія ўтвараюцца гэтымі суднамі, наносілі шкоду фундаментам будынкаў і пагражалі экалагічнай раўнавазе лагуны.

У чэрвені ЮНЕСКА заклікала неадкладна забараніць заход вялікіх круізных лайнераў у лагуну і дапускала ўключэнне Венецыі ў так званы чорны спіс. У яго ўваходзяць аб'екты Сусветнай спадчыны, якія знаходзяцца пад пагрозай. Паводле некаторых даных, менавіта такая перспектыва прымусіла ўрад Італіі дзейнічаць.

Венецыя і Венецыянская лагуна былі ўнесены ў пералік аб'ектаў Сусветнай спадчыны ў 1987 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі