Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
29 снежня 2021, 17:02

Украінцы могуць застацца без мяса і малака з-за высокай цаны на газ

29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Украіна можа застацца без асноўных прадуктаў, уключаючы хлеб, малако і мяса, з-за высокіх цэн на газ, паведамляе Украінскае незалежнае інфармацыйнае агенцтва навін.

У сувязі з рэзкім падаражаннем газу вытворцы прадуктаў харчавання апынуліся на мяжы закрыцця прадпрыемстваў. Аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі заявіў старшыня аб'яднання "Саюз малочных прадпрыемстваў Украіны" Вадзім Чагароўскі.

Паводле слоў Чагароўскага, паўгода ўжо малочная галіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Эксперт перакананы, што далейшае павышэнне цэн на энерганосьбіты прывядзе да прыпынення дзейнасці малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

"Сітуацыя парадаксальная: чым больш ты перапрацоўваеш малака і выпускаеш прадукцыі, тым больш ты атрымліваеш страт. Мяркуйце самі. Цана на газ за год вырасла для нас амаль у 10 разоў (з 5,5 да 50 грыўняў за куб.м). Электраэнергія - у 2,5 раза. Цэны на тараўпаковачныя матэрыялы - на 42 працэнты, на сырое малако - на 25 працэнтаў (і гэта пры тым, што цэны амаль на трэць вышэйшыя, чым у суседняй Польшчы, якая завальвае нас сваёй малочнай прадукцыяй). А вось цэны на гатовую прадукцыю мы змаглі павысіць у сярэднім усяго на 7 працэнтаў. У такіх умовах далейшая работа будзе даваць нам дзясяткі мільёнаў страт штомесяц. А гэта недапушчальна, таму што далей можа быць толькі банкруцтва. І тады ўсе пацерпяць - ад фермера да спажыўца", - адзначыў Чагароўскі.

У сваю чаргу выканаўчы дырэктар Саюза птушкагадоўцаў Украіны Сяргей Карпенка заявіў, што прадстаўнікі птушкагадоўчага бізнесу ў гэтых умовах таксама будуць скарачаць або спыняць вытворчасць.

"Пэўная каста невялікіх вытворцаў будзе спыняцца. Таму што яны глядзяць на прыбытковасць бізнесу. Калі ёсць прыбытак, то яны працуюць, няма прыбытку - спыняюцца", - падкрэсліў Карпенка.

Прэзідэнт асацыяцыі "Укркандпрам" Аляксандр Балдынюк заявіў, што на сёння ўжо ёсць кампаніі, якія спыняюць сваю вытворчасць, прынамсі на наступны месяц у чаканні лепшай цаны на газ. Таксама ён дадаў, што паўгода ўжо кандытарская галіна мае стратны экспарт.

"Мы ўжо не можам павышаць цэны на экспарт, таму што мы прайграем канкурэнцыю кампаніям тых краін, якія маюць больш танны газ", - падкрэсліў Балдынюк.

Ён адзначыў, што павышэнне цэн на кандытарскія вырабы прывяло да павелічэння імпарту ласункаў на 25-30 працэнтаў за гэты год.

Прэзідэнт Украінскай аграрнай канфедэрацыі Леанід Казачэнка лічыць, што выйсцем з сітуацыі з'яўляецца прадастаўленне вытворцам дапамогі ў выглядзе датацый, зніжэння стаўкі ПДВ і выдзялення мэтавых субсідый.

18 снежня экс-старшыня Вярхоўнай Рады Дзмітрый Разумкоў заявіў, што "Укрхлебпрам" накіраваў зварот прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму і Кабінету міністраў, у якім вытворцы хлеба папрасілі забяспечыць сацыяльную цану на газ, паколькі з-за высокай цаны газу сабекошт хлеба таксама будзе высокім, і, адпаведна, ён будзе дорага каштаваць. Калі цана на газ застанецца высокай, то прадпрыемствам галіны будзе нявыгадна працаваць, і яны будуць спыняць вытворчасць.

24 снежня ў асацыяцыі "Укркандпрам" заявілі аб верагоднасці спынення работы прадпрыемстваў харчовай галіны з-за звышвысокіх цэн на газ.

Цэны на газ ва Украіне карэлююць з цэнамі на еўрапейскіх хабах, паколькі краіна - інтэграваная частка еўрапейскага газавага рынку з 2015 года і імпартуе з Еўропы каля 30 працэнтаў ад агульнага аб'ёму спажывання блакітнага паліва. 21 снежня 2021 года газ у Еўропе ўстанавіў абсалютны цэнавы рэкорд, перавысіўшы $2000 за 1 тыс. куб.м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі