Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 студзеня 2021, 11:45

У пустыні на тэрыторыі Алжыра і Марока выпаў снег

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікая колькасць снегу, які выпаў у студзені, па-ранейшаму застаецца ў шэрагу рэгіёнаў Алжыра і Марока. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на метэаралагічныя службы дзвюх арабскіх дзяржаў. У выніку вялікія тэрыторыі ператварыліся ў прасторы белага колеру з высокімі гурбамі снегу і замёрзлымі азёрамі.

У горных раёнах абедзвюх краін снег выпадае кожны год і звычайна ляжыць у перадгор'ях і на схілах вяршынь усю зіму да пачатку вясны. Аднак у гэтым сезоне ападкі былі асабліва вялікімі.

У Алжыры, як адзначае інфармацыйнае агенцтва Algeria Press Service, снег назіраецца пераважна ў паўночных і паўночна-заходніх правінцыях. Ападкі накрылі не толькі горныя трасы, стварыўшы значныя праблемы з дарожным рухам і дастаўкай тавараў у аддаленыя населеныя пункты рэспублікі. Снег дабраўся і да некаторых участкаў Сахары. Убачыць экзатычныя віды паўночнаафрыканскай зімы - прыцярушаныя барханы і аазісы - прыязджаюць турысты і фатографы. У сувязі з абмежаваннямі, уведзенымі з-за пандэміі каранавіруса, гэта галоўным чынам мясцовыя падарожнікі.

Жыхары суседняга Марока сёлетняй зімой таксама ўбачылі нямала снегу. Асноўны ўдар стыхіі на сябе прынялі горныя раёны Рыфа на поўначы каралеўства, а таксама Сярэдняга і Высокага Атласа. Дзякуючы снегападам прыкметна ажывіліся зімовыя курорты Іфран і Азру, вядомыя і за мяжой.

У мараканскай частцы Сахары снег выпаў у наваколлі папулярнай сярод падарожнікаў вёсачкі Мерзуга на паўднёвым усходзе краіны, стварыўшы на час зімовы пейзаж на участках пясчанага масіву Эрг-Шэбі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі