Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 лістапада 2020, 16:36

У Прымор'і без электрычнасці застаюцца амаль 75 тыс. чалавек

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Прыморскім краі РФ прадаўжаюцца работы па аднаўленні электразабеспячэння пасля стыхійнага бедства. Па стане на 13.00 па мясцовым часе без электрычнасці заставалася частка бытавых спажыўцоў у 35 населеных пунктах. Аб гэтым паведамляецца на сайце Міністэрства энергетыкі РФ.

У агульнай колькасці без электрычнасці застаюцца каля 74,9 тыс. чалавек. Ад рэзервовых крыніц электразабеспячэння сілкуецца 41 кацельня. Без цеплазабеспячэння - каля 19,2 тыс. чалавек. У рэгіёне пасля непагоды не працуюць 17 дзіцячых садоў, некалькі школ. Іх збіраюцца падключыць на рэзервовыя крыніцы сілкавання.

Да аварыйна-аднаўленчых работ прыцягнута 70 брыгад (290 спецыялістаў і 106 адзінак спецыяльнай тэхнікі).

Удакладняецца, што сярэдняя тэмпература паветра ў пацярпелых ад непагоды населеных пунктах - каля мінус 2.

Раней намеснік міністра энэргетыкі РФ Яўген Грабчак заявіў, што праблема цеплазабеспячэння будзе вырашана да канца панядзелка. У сваю чаргу кіраўнік Прыморскага края РФ Алег Кажамяка адзначыў, што цалкам аднавіць цеплазабеспячэнне ў дамах жыхароў Уладзівастока плануецца 24 лістапада.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ўлады Прымор'я прыкладаюць усе намаганні для ліквідацыі наступстваў ледзянога дажджу ва Уладзівастоку, але ў адзін момант гэту праблему не вырашыць. Ён прызнаў, што нягледзячы на напружаную кругласутачную работу, пакуль цалкам ліквідаваць наступствы ледзянога шторму не ўдалося.

У ноч на 19 лістапада ў Прыморскім краі РФ пачаўся дождж, які перайшоў у снег і ледзяны дождж. Непагода выклікала абрывы ліній электраперадачы, падзенне дрэў і канструкцый на поўдні края, масавыя адмены аўтобусных зносін і пералётаў. У выніку больш за 180 тыс. чалавек, якія пражываюць у 73 населеных пунктах, засталіся без электразабеспячэння. З-за адключэнняў электрычнасці перасталі працаваць помпавыя станцыі, якія падаюць ваду і ацяпленне ў дамы гараджан. 20 лістапада ў Прымор'е быў уведзены рэжым НС рэгіянальнага ўзроўню. 22 лістапада старшыня ўрада РФ Міхаіл Мішусцін даручыў стварыць рабочую групу па ліквідацыі наступстваў ледзянога дажджу ў Прымор'і і дапамогі пацярпелым грамадзянам. У яе ўвайшлі прадстаўнікі МНС, Мінэнерга, Мінбуда, Мінтранса, Мінфіна, Мінздароўя і Мінпрацы. Каардынаваць яе работу будзе Мінусходразвіцця. Кіраўнік Міністэрства РФ па развіцці Далёкага Усходу і Арктыкі Аляксей Чакункоў 23 лістапада па даручэнні прэм'ер-міністра прыбыў ва Уладзівасток.

Як паведамляе ТАСС, больш за 600 жыхароў звярнуліся ў траўмапункты з ударамі і пераломамі пасля ледзянога дажджу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі