Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
12 красавіка 2022, 15:04

У Польшчы значна выраслі цэны на прадукты харчавання

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Польшчы значна выраслі цэны на прадукты харчавання і бытавую хімію. Аб гэтым сведчыць аналіз рознічных цэн, праведзены ў сакавіку кампаніямі UCE Research, Hiper-Com Poland і WSB Universities, паведамляе польскі інфармацыйны партал радыё RMF 24.

У час даследавання былі прааналізаваны цэны на 12 катэгорый тавараў, у тым ліку прадукты харчавання, харчовыя дабаўкі, напіткі і бытавую хімію. Аказалася, што цэны на ўсе 12 катэгорый тавараў паказалі рост.

Як адзначыў суаўтар даследавання Міхал Пайдак з WSB Universities, для росту цэн ёсць некалькі прычын. Пандэмія і каранцін абярнуліся часовым спыненнем вытворчасці, што прывяло да дэфіцыту і збояў у ланцугах паставак. Калі сітуацыя палепшылася, некаторых відаў сыравіны стала менш, чым раней. Попыт на іх перасягнуў прапанаванне, што і справакавала рост цэн.

Ён дадаў, што значна падаражэла сырая нафта, што адбілася на цане на паліва. Акрамя таго, падзеі ва Украіне выклікалі новыя ўзрушэнні на рынках, а санкцыі зменшылі даступнасць расійскай сыравіны і паўплывалі на далейшы рост цэн.

Аналіз паказвае, што ў Польшчы зафіксаваны найбольшы рост цэн на алейна-тлушчавую прадукцыю. Так, у сакавіку ў гадавым вылічэнні маргарын падаражэў на 41,6 працэнта, алей - на 29,2 працэнта.

Цэны на муку за год выраслі на 28 працэнтаў, цукар падаражэў на 10,1 працэнта.

Цана на мяса за год вырасла ў сярэднім на 22,1 працэнта. Найбольшы скачок зафіксаваны на ялавічыну - 30,2 працэнта, мяса птушкі падаражэла на 15,2 працэнта, свініна - на 12 працэнтаў.

Паводле слоў Катажыны Грахоўскай з аналітычнай кампаніі Hiper-Com Poland, цэны на мяса выраслі часткова з-за падзей ва Украіне, якая з'яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў кармоў для жывёлы. Павышэнне цэн на ўгнаенні, паліва і энергію з'яўляецца яшчэ адным фактарам, што павялічвае затраты на набыццё кармоў. "Транспарціроўка, забой і захоўванне таксама абыходзяцца даражэй, і ўсё гэта ўплывае на канечныя цэны на мяса ў магазінах", - растлумачыла яна.

Малочныя прадукты падаражэлі ў сярэднім на 10 працэнтаў. Больш за ўсё цэны падняліся на сыр - 25,7 працэнта. Цэны на агародніну ў сярэднім выраслі на 20,5 працэнта, на фрукты - 12,3 працэнта.

Паводле слоў Томаша Тарнаўскі, аналітыка UCE Research, імпартныя фрукты падаражэлі з-за аслаблення польскай валюты, а таксама росту цэн на паліва і транспарціроўку.

Менш, чым на 10 працэнтаў падаражэлі толькі напіткі (7,2 працэнта), харчовыя дабаўкі (4,5 працэнта), хлеб (4,4 працэнта) і бытавая хімія (2,9 працэнта).

Раней паведамлялася, што Польшча афіцыйна ўступіла ў перыяд хуткай інфляцыі. Паводле даных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення краіны, цэны на спажывецкія тавары і паслугі ў сакавіку былі вышэйшыя на 10,9 працэнта, чым год таму. Апошні раз палякі бачылі двухзначную інфляцыю ў 2000 годзе.

Паводле прагнозаў Нацыянальнага банка Польшчы, высокая інфляцыя ў краіне захаваецца да канца 2024 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі