Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
28 ліпеня 2021, 12:27

Страты ад паводак на захадзе Германіі ацэньваюцца 5,5 млрд еўра

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Страты ад паводак на захадзе Германіі могуць скласці 5,5 млрд еўра. Гэта вынікае з абноўленай ацэнкі Агульнагерманскага аб'яднання страхавых кампаній (GDV), паведамляе Deutsche Welle.

Першапачаткова нямецкія страхавыя кампаніі ацэньвалі страты ў памеры 4-5 млрд еўра, паколькі не былі ўлічаны страты застрахаванай маёмасці ў Баварыі і Саксоніі. Страхавыя кампенсацыі ў гэтых федэральных землях складуць, паводле ацэнак, ад 5 працэнтаў да 10 працэнтаў ад агульнай сумы. З астатняй сумы дзве трэці пойдуць на кампенсацыі жыхарам зямлі Рэйнланд-Пфальц, дзе больш за ўсё пацярпелі рэгіёны вакол рэк Ар і Мозель, а таксама населеныя пункты ў перадгор'ях масіву Айфель. Яшчэ трэць выплацяць жыхарам Паўночнага Рэйна - Вестфаліі.

Адным толькі аўтастрахоўшчыкам давядзецца кампенсаваць урон у памеры да 200 млн еўра, паколькі ў выніку непагоды прыйшлі ў непрыгоднасць або былі пашкоджаны вадой каля 40 тыс. аўтамабіляў. Значныя сумы будуць выплачаны і за асобныя будынкі і фабрыкі, што застрахаваны на мільёны еўра і атрымалі шматлікія пашкоджанні.

Паводле слоў кіраўніка аб'яднання страхоўшчыкаў Ёрга Асмусена, 2021 год з яго ўраганамі, паводкамі, ліўнямі і градам, напэўна, стане горшым з 2002 года, калі адбылася паводка на Эльбе і Дунаі ва ўсходняй частцы Германіі. Тады страхавыя выплаты ў сувязі з паводкай склалі 4,5 млрд еўра.

Далёка не ўсе жыхары Германіі маюць надзейную страхавую ахову ад стыхійных бедстваў. Калі на выпадак ураганаў і граду практычна ўсе жылыя дамы ў краіне застрахаваны, то на выпадак такіх прыродных катастроф, як паводкі і праліўныя дажджы, страхоўка ёсць толькі ў 46 працэнтаў домаўладальнікаў, адзначаюць галіновыя эксперты.

З 12 ліпеня на захадзе і паўднёвым захадзе Германіі ішлі ліўні, якія сталі прычынай разбуральнай паводкі. З-за дажджоў з берагоў выйшлі прытокі Рэйна Ар і Мозель, а таксама невялікія рэкі Заўэр, Прум, Німс, Кіль і Эрфт. Пад ударам стыхіі ў асноўным апынуліся федэральныя землі Паўночны Рэйн - Вестфалія і Рэйнланд-Пфальц. Ад наступстваў разгулу стыхіі ў Германіі, паводле апошніх даных, загінулі амаль 180 чалавек, у асноўным у федэральнай зямлі Рэйнфальд-Пфальц.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі