Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
31 сакавіка 2020, 16:56

СААЗ: з-за барацьбы з каранавірусам нельга пакідаць без дапамогі людзей з сур'ёзнымі захворваннямі

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Распаўсюджванне каранавіруса вядзе да вялікай нагрузкі на сістэмы аховы здароўя ў многіх краінах свету, што можа выклікаць рост смяротнасці з-за іншых інфекцыйных і хранічных захворванняў. Аб гэтым папярэдзіў кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Тэдрас Аданам Гебрэесус, паведамляе Цэнтр навін ААН.

"Папярэднія ўспышкі паказалі, што пры перагружанасці сістэм аховы здароўя расце смяротнасць у выніку захворванняў, якія можна было б вылечыць або прадухіліць з дапамогай вакцынацыі", - заявіў Тэдрас Аданам Гебрэесус.

Паводле яго слоў, барацьба з пандэміяй патрабуе вялікай колькасці ложка-месцаў і павелічэння колькасці медперсаналу. Нярэдка ў выніку пераразмеркавання рэсурсаў скарачаюцца аб'ёмы аказання асноўных медпаслуг насельніцтву. Ён нагадаў, што людзі хварэюць і на іншыя сур'ёзныя захворванні. "Нягледзячы на разгар крызісу, неабходна прадаўжаць аказваць асноўныя медыцынскія паслугі. Дзеці нараджаюцца, людзі маюць патрэбу ў лячэнні іншых захворванняў", - падкрэсліў кіраўнік СААЗ. Ён выказаўся за забеспячэнне адэкватных кадравых рэсурсаў аховы здароўя для задавальнення ўсіх паслуг насельніцтву ва ўмовах пандэміі.

Тэдрас Аданам Гебрэесус таксама паведаміў, што ў СААЗ падрыхтавалі падрабязныя рэкамендацыі, як ствараць цэнтры лячэння COVID-19 і кіраваць імі.

Кіраўнік СААЗ расказаў пра брыфінг, які ён правёў для міністраў гандлю краін "Вялікай дваццаткі". У прыватнасці, ён праінфармаваў іх аб вострай няхватцы медыцынскіх ахоўных сродкаў і іншых матэрыялаў і абмеркаваў шляхі вырашэння гэтай праблемы, заклікаўшы нарошчваць вытворчасць такіх матэрыялаў і забяспечыць іх справядлівае размеркаванне паміж краінамі.

СААЗ цесна супрацоўнічае з некалькімі партнёрамі з мэтай пашырыць доступ краін да сродкаў дыягностыкі, індывідуальнай аховы і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Кіраўнік СААЗ падкрэсліў, што цяпер, ва ўмовах абмежавання свабоды перамяшчэння насельніцтва, дзяржавы павінны паважаць годнасць людзей і клапаціцца аб іх дабрабыце.

Тэдрас Аданам Гебрэесус нагадаў, што СААЗ патрэбна $675 млн на барацьбу з каранавірусам. На сённяшні дзень, паводле яго слоў, на гэтыя мэты выдзелена $622 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі