Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
02 сакавіка 2021, 09:26

СААЗ упершыню за сем тыдняў зафіксавала рост захваральнасці на COVID-19 у свеце

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) зафіксавала рост захваральнасці на каранавірус упершыню за сем тыдняў. Аб гэтым заявіў 1 сакавіка на брыфінгу генеральны дырэктар арганізацыі Тэдрас Аданам Гебрэесус, паведамляе ТАСС.

"Упершыню за сем тыдняў мы бачым, што колькасць выпадкаў заражэння павялічваецца, - адзначыў ён. - У чатырох з шасці рэгіёнаў зафіксаваны рост".

Паводле даных СААЗ, на мінулым тыдні ў свеце было зарэгістравана больш за 2,6 млн выпадкаў заражэння каранавірусам. За тыдзень да гэтага колькасць заражаных склала менш за 2,5 млн.

"Мы працуем над тым, каб зразумець, у чым прычына росту колькасці заражэнняў, - падкрэсліў Тэдрас Аданам Гебрэесус. - Часткова гэта звязана з аслабленнем абмежавальных мер, цыркуляцыяй розных варыянтаў і стратай людзьмі пільнасці".

Ён дадаў, што базавыя меры грамадскай аховы здароўя застаюцца асновай для барацьбы з каранавірусам. "Вакцыны дапамогуць выратаваць жыцці, аднак калі краіны спадзяюцца выключна на вакцыны, яны робяць памылку", - сказаў гендырэктар.

Таксама прадстаўнік СААЗ у Расіі Меліта Вуйновіч у эфіры тэлеканала "Расія-24" адзначыла, што "другая хваля не скончылася, хоць яна добра ідзе на спад", пры гэтым у некаторых краінах назіраецца ўздым захваральнасці.

Вуйновіч падкрэсліла важнасць захавання мер па абароне ад каранавіруса, паколькі ён хутка распаўсюджваецца, а ў насельніцтва яшчэ не сфарміраваны імунітэт. "Гэта значыць, што недастаткова людзей мае імунітэт, каб не захварэць, і з-за гэтага, на жаль, мы не можам гаварыць аб заканчэнні пандэміі. Трэба быць асцярожнымі, прышчэплівацца, каб падняць гэты спецыфічны імунітэт, які дасць магчымасць змагацца супраць віруса кожнаму чалавеку. І калі дасягнём недзе 75 працэнтаў (імуннай праслойкі насельніцтва. - Заўвага ТАСС), тады можам гаварыць, што мы можам кантраляваць пандэмію", - растлумачыла прадстаўнік арганізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі