Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
11 мая 2020, 17:46

Пуцін аб'явіў аб завяршэнні 12 мая адзінага рэжыму непрацоўных дзён у Расіі

11 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сёння ў тэлевізійным звароце да расіян аб'явіў аб завяршэнні 12 мая адзінага рэжыму непрацоўных дзён у краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З 12 мая адзіны перыяд непрацоўных дзён для ўсёй краіны і для ўсёй эканомікі завяршаецца", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт РФ нагадаў, што больш за шэсць тыдняў у Расіі доўжыўся ўведзены з-за каранавіруса непрацоўны рэжым. Паводле яго слоў, гэта экстраардынарная мера дала магчымасць павысіць гатоўнасць сістэмы аховы здароўя: колькасць бальнічных ложкаў для лячэння хворых на COVID-19 была павялічана з 29 тыс. да 130 тыс., сфарміраваны запас неабходнага абсталявання і тэхнікі. "Як паказаў сусветны вопыт, перагрузка, негатоўнасць сістэм аховы здароўя сталі прычынай высокай смяротнасці", - указаў Уладзімір Пуцін. Акрамя таго, паводле яго слоў, у Расіі былі значна нарошчаны маштабы тэсціравання на каранавірус, што дае магчымасць выяўляць захворванне на ранніх стадыях. "Усе гэтыя меры даюць магчымасць пераходзіць да наступнага этапу - паэтапнага выхаду з рэжыму абмежаванняў", - падкрэсліў прэзідэнт Расіі. Ён дадаў, што гэты выхад павінен адбывацца з улікам усіх неабходных мер бяспекі.

"З 12 мая, дзе гэта магчыма, неабходна стварыць умовы для аднаўлення базавых сфер эканомікі: прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, здабычы карысных выкапняў", - адзначыў прэзідэнт Расіі. Пры гэтым для асоб старэйшых за 65 гадоў і якія маюць хранічныя захворванні абмежавальныя меры будуць захаваны. Выключаецца таксама правядзенне ўсіх масавых мерапрыемстваў, а на прадпрыемствах прадоўжыць дзейнічаць асобы санітарны рэжым. Таксама прэзідэнт РФ аб'явіў, што паўнамоцтвы кіраўнікоў рэгіёнаў па выпрацоўцы мер па абмежаваннях на сваіх тэрыторыях прадаўжаюцца.

У Расіі першапачаткова для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса непрацоўным быў аб'яўлены тыдзень з 30 сакавіка да 5 красавіка. Затым непрацоўны перыяд прадаўжаўся яшчэ двойчы: спачатку да 30 красавіка, потым - да 11 мая.

Па ўсёй краіне непрацоўны рэжым спалучаўся з рэжымам самаізаляцыі і іншымі абмежаваннямі, якія ўводзяцца рэгіянальнымі ўладамі і вар'іруюцца ў залежнасці ад эпідэміялагічнай абстаноўкі ў кожным канкрэтным суб'екце федэрацыі. Цяпер у Маскве і ў многіх іншых рэгіёнах рэжым самаізаляцыі прадоўжаны, у некаторых выпадках - да канца мая або на больш позні тэрмін. У Маскве па 31 мая застануцца закрытымі прадпрыемствы сферы паслуг і гандлю (акрамя прадуктовых магазінаў), а таксама ўстановы культуры, адукацыі і спорту, паркі і скверы. Акрамя таго, цяпер у транспарце і магазінах жыхары Масквы павінны будуць насіць маскі і пальчаткі. Масачны рэжым ужо ўстаноўлены або пачне дзейнічаць у бліжэйшы час у большасці рэгіёнаў Расіі.

У той жа час рэгіёны ўводзяць і некаторыя паслабленні. Напрыклад, у Хабараўскім краі дазволілі прагулкі за 500 м ад дома, у Курскай і Томскай абласцях дазволілі займацца спортам на вуліцы. У частцы рэгіёнаў з 12 мая зможа аднавіць работу большасць арганізацый, але застануцца закрытымі ўстановы забаўляльныя і грамадскага харчавання. У Маскве з 12 мая дазволена работа будаўнічых і прамысловых прадпрыемстваў.

Паводле даных аператыўнага штаба, колькасць выпадкаў новай каранавіруснай інфекцыі ў Расіі за апошнія суткі вырасла на 11 656, што стала рэкордным паказчыкам. Агульная колькасць выяўленых інфіцыраваных склала 221 344. Па гэтым паказчыку Расія выйшла на трэцяе месца ў свеце, уступаючы толькі ЗША і Іспаніі і абагнаўшы за апошнія суткі Італію і Вялікабрытанію. Агульная колькасць памерлых ад COVID-19 у Расіі дасягнула 2009.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі