Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
28 снежня 2021, 13:41

Літва страціць мільярды еўра з-за канфліктаў з Беларуссю і Кітаем

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Страты літоўскай эканомікі ад санкцый Кітая ў 2022 годзе могуць скласці да 5 млрд еўра. Яшчэ адным ударам для прыбалтыйскай рэспублікі стане адмова ад перавалкі беларускіх угнаенняў, што прынясе Літве дадатковыя страты ў памеры сотні мільёнаў еўра, піша эксперт аналітычнага партала RuBaltic Аляксей Ільяшэвіч.

Ніхто ў Літве не спрабуе падлічыць канкрэтную суму страт, якія краіна панясе ў выніку неаб'яўленай гандлёвай вайны з Кітаем. Міністр эканомікі і інавацый Літвы Аўшрыне Арманайтэ гэтымі днямі заявіла, што такім пытаннем да гэтага часу ніхто не займаецца. "Гэта, напэўна, нават яшчэ не вельмі магчыма зрабіць. З'явілася інфармацыя, неспакой наконт інвестараў, але ні адзін інвестар не пайшоў з Літвы, рэальных планаў на бліжэйшы час няма, выказваюцца апасенні. Наадварот, на наступны год мы падпісваем вялікія аб'ёмы пагадненняў з новымі інвестарамі, у нас такіх пагадненняў не менш за 30", - сцвярджае Аўшрыне Арманайтэ.

Прадстаўнікі літоўскага бізнесу яе аптымізму не падзяляюць.

Першапачаткова ва ўрадзе Інгрыды Шыманіце запэўнівалі, што няма ніякіх падстаў для хвалявання, паколькі КНР не з'яўляецца важным гандлёвым партнёрам Літвы. "Калі ацэньваць сітуацыю, якія адносіны Літвы з Кітаем, то наш экспарт у Кітай складае каля 1 працэнта ўсяго літоўскага экспарту. На самай справе гэта не такі значны наш партнёр, таму асаблівага ўздзеяння на эканоміку і бізнес Літвы мы не чакаем", - заяўляла міністр фінансаў Гінтарэ Скайстэ.

Адзін працэнт экспарту - гэта тавары на 300 млн еўра ў год. У маштабах усяго гаспадарчага комплексу Літвы сума невялікая. Але хто ж ведаў, што Пекін захоча пакараць Літву ў стылі амерыканцаў?

"Кітай мае права забараніць любой кампаніі прадаваць прадукцыю з выкарыстаннем кітайскіх кампанентаў або тэхналогій у Літву, а замежным кампаніям таксама можа быць забаронена прадаваць кітайскія прадукты з сыравіны і кампанентаў з Літвы", - піша кітайская газета Global Times.

Reuters тым часам паведамляе, што Паднябесная патрабуе ад нямецкага канцэрна Continental не выкарыстоўваць кампаненты, вырабленыя на яго заводзе ў Літве. З аналагічнымі праблемамі сутыкаюцца і іншыя прадпрыемствы.

Нямецка-балтыйская гандлёвая палата апасаецца, што замежныя інвестары могуць згарнуць свой бізнес у Літве. Іх логіка простая і зразумелая: можна страціць адзін філіял коштам 70-80 млн еўра, а можна застацца без кітайскага рынку. Тады страты карпарацыі будуць вылічвацца мільярдамі.

Паралельна Кітай спрабуе зрабіць так, каб яго дэталі не пападалі на літоўскія заводы. Гэта значыць, размова ідзе аб абмежаванні экспарту ў прыбалтыйскую рэспубліку. А гэта, як высветлілася, яшчэ страшней, чым страта кітайскага рынку збыту.

У мінулым годзе Літва імпартавала з КНР тавараў на суму 1,2 млрд еўра. Дзве трэці з іх - прадукцыя вытворчага прызначэння, якая набываецца для далейшай перапрацоўкі або выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці.

"Магчыма, мы гаворым аб 700-800 млн еўра, і калі гэта сума менавіта такая, гэтыя тавары ператвараюцца ў тры-пяць мільярдаў еўра ў год, паколькі збіраецца нейкі канечны прадукт. Без пэўных кампанентаў, напэўна, нейкага прадукту і не вырабім. Гэту суму можна будзе лічыць як зменшаны за год абарот. Усе прадпрыемствы, у якіх праблемы з вывазам аплачаных тавараў з Кітая, звязаны з прамысловасцю. З сыравінай, кампанентамі, абсталяваннем, якія прызначаны для развіцця вытворчых магутнасцей. Таму відавочна, што мэта - прамысловасць, якая стварае дадатковую вартасць. Усе астатнія тавары бытавога спажывання рухаюцца без прыпынку", - сцвярджае кіраўнік Канферэрацыі прамыслоўцаў Літвы Відмантас Янулявічус.

Цяпер зразумела, што меў на ўвазе афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітая Чжаа Ліцзянь, калі пагражаў адправіць Літву ў "смеццевую карзіну гісторыі".

Эканамічная моц КНР дае магчымасць ёй ператварыць малую ўсходнееўрапейскую краіну ў тэрыторыю, свабодную ад вытворчасці. Прынамсі, да гэтага ўсё ідзе.

Яшчэ адным выпрабаваннем для эканомікі Літвы стане страта транзіту беларускіх угнаенняў. Паводле слоў прэзідэнта Асацыяцыі стывідорных кампаній Літвы Вайдотаса Шылейкі, у 2022 годзе грузаабарот порта ў Клайпедзе можа знізіцца на 30-40 працэнтаў.

"Такія санкцыі могуць выклікаць сур'ёзныя і доўгатэрміновыя адмоўныя наступствы для эканомікі Літвы. Цяпер каля 30 працэнтаў усіх грузаў у Клайпедзе - транзітныя грузы з Беларусі, угнаенні складаюць 26 працэнтаў усіх грузаў у порце. Гэта нанясе ўрон літоўскай эканоміцы на суму 300 млн еўра ў год", - сцвярджае Вайдотас Шылейка.

Калі ўлічыць, што перавалка адной тоны ўгнаенняў каштуе прыкладна 9 еўра, Клайпедскі порт страціць 100 млн еўра. Астатнія 200 мільёнаў еўра складуць страты Літоўскай чыгункі (ЛЧ) і ўсіх астатніх сумежных галін, якія звязаны з транзітам. Прычым кампенсаваць гэтыя страты наўрад ці атрымаецца. Па-першае, сама Беларусь будзе блакіраваць транзіт тавараў з трэціх краін (напрыклад, з Сярэдняй Азіі) у Клайпеду. Ёсць альтэрнатыўны маршрут праз Украіну і Польшчу, але грузаадпраўшчыкаў ён не прываблівае. Па-другое, патэнцыяльных кліентаў Клайпедскага порта будзе адпуджваць канфрантацыя Літвы і Кітая.

"Партовыя кампаніі робяць усё магчымае, каб кампенсаваць страты, дастукацца да новых кліентаў, але, гледзячы на сённяшнюю геапалітычную сітуацыю, гэта няпроста. Наколькі мне вядома, існуюць пэўныя абмежаванні на транзіт праз Беларусь, паколькі чыгуначныя планы або маршруты перавозкі грузаў з іншых краін не зацверджаны", - гаворыць Вайдотас Шылейка.

"Абедзве праблемы Літва стварыла сабе літаральна на роўным месцы. Для адмовы ад беларускага транзіту няма ніякіх фармальных падстаў - санкцыі ЗША супраць "Беларуськалія" распаўсюджваюцца толькі на амерыканскіх асоб. Адносіны з Кітаем у Літвы да нядаўняга часу былі не лепшыя і не горшыя, чым у іншых прыбалтыйскіх рэспублік. За лічаныя месяцы кансерватары-"ландсбергісты" ўмудрыліся нарвацца на непрыемнасці, якія краіна будзе расхлёбваць яшчэ шмат гадоў. Такіх "поспехаў" не дабіваўся яшчэ ніводны ўрад Літвы", - робіць выснову эксперт Аляксей Ільяшэвіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі