Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
15 чэрвеня 2020, 20:01

Колькасць заражаных каранавірусам у свеце перавысіла 7,8 млн

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць заражаных каранавірусам у свеце перавысіла 7,8 млн, больш за 430 тыс. памерлі. Гэтыя даныя прывёў сёння на брыфінгу ў Жэневе генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Тэдрас Адханам Гебрэесус, паведамляе ТАСС.

Паводле слоў генеральнага дырэктара, за апошнія два тыдні практычна штодзённа колькасць новых хворых перавышала 100 тыс.

Ён адзначыў, што даныя аб новай успышцы каранавіруса ў Пекіне цяпер расследуюцца. "На мінулым тыдні Кітай паведаміў аб ачагу захворвання COVID-19 у Пекіне пасля больш як 50 дзён без адзінага выпадку. Пацверджана ўжо больш як 100 выпадкаў. Паходжанне і распаўсюджванне гэтай успышкі расследуецца", - канстатаваў кіраўнік СААЗ.

Генеральны дырэктар заклікаў "дзяржавы, якія прадэманстравалі здольнасць падаўляць распаўсюджванне COVID-19", захоўваць пільнасць з прычыны магчымага ўсплёску хваробы. Ён нагадаў таксама, што амаль 75 працэнтаў апошніх па часе выпадкаў інфіцыравання прыпадае на 10 краін, у асноўным у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы і Паўднёвай Азіі.

Тэдрас Адханам Гебрэесус лічыць: нягледзячы на ​​цяперашнюю пандэмію каранавіруса, сусветная супольнасць "не павінна страчваць з-пад увагі іншыя значныя пытанні аховы здароўя, уключаючы грып". Цяпер Паўднёвае паўшар'е "ўваходзіць у сезон грыпу", а ў Паўночным пачынаюць планаваць падрыхтоўку да такога сезона. У гэтых умовах праблема грыпу павінна разглядацца як прыярытэтная, адзначыў гендырэктар. "Адначасовая цыркуляцыя COVID-19 і грыпу можа ўзмацніць уздзеянне на сістэмы аховы здароўя, якія і без таго цяпер перагружаны", - папярэдзіў кіраўнік СААЗ.

Успышка выкліканага новым каранавірусам захворвання (COVID-19) была зафіксавана ў канцы 2019 года ў Цэнтральным Кітаі, яна распаўсюдзілася на большасць краін. СААЗ 11 сакавіка прызнала яе пандэміяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі