Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 красавіка 2021, 15:40

Еўракамісія рэкамендуе Літве павысіць пенсійны ўзрост да 72 гадоў

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўракамісія рэкамендуе Літве да 2040 года павысіць пенсійны ўзрост у краіне да 72 гадоў, паведамляе DELFI.

"ЕК падрыхтавала зялёную кнігу старасці. У ёй Літве рэкамендуюць павысіць пенсійны ўзрост да 72 гадоў да 2040 года, калі яна хоча захаваць пастаянны нацыянальны індэкс старэння. Нескладана ўявіць, што такія прагнозы нашых жыхароў старэйшага ўзросту не парадуюць", - напісаў у сваім акаўнце ў Facebook старшыня парламенцкага камітэта Літвы па пытаннях сацыяльных спраў і працы Міндаўгас Лінге.

Ён адзначыў, што рэкамендацыя Еўракамісіі выглядае трагікамічнай, калі ўлічыць, што ў Літве сярэдняя працягласць жыцця мужчын складае 71,5 года, а жанчын - 81 год.

Міндаўгас Лінге таксама звярнуў увагу на тое, што, згодна з апытаннем ад 2015 года, мужчыны ў Літве хацелі б працаваць да 61 года, а жанчыны да 59 гадоў (цяпер пенсійны ўзрост у Літве адпаведна 64 і 63 гады).

"На сённяшні дзень пенсійны ўзрост павышаць не плануецца, але тэндэнцыя зразумелая - мы павінны рабіць усё магчымае, каб жыхары Літвы як мага даўжэй заставаліся актыўнымі, працаздольнымі і самастойнымі", - адзначыў Міндаўгас Лінге.

У гэтым плане, на яго думку, неабходна забяспечыць у краіне "здаровае старэнне". "Перад намі стаяць значныя выклікі. У Літве людзі старэйшыя за 65 гадоў ацэньваюць сваё здароўе горш за жыхароў іншых краін ЕС. Напрыклад, усяго 6 працэнтаў жанчын гэтага ўзросту характарызуюць сваё здароўе як добрае, сярэдні паказчык па ЕС - 36 працэнтаў, а ў Ірландыі ён - 70 працэнтаў", - заявіў Міндаўгас Лінге.

Ён таксама звярнуў увагу на праблему беднасці сярод літоўскіх пенсіянераў: "Амаль 70 працэнтаў адзінокіх жыхароў старэйшых за 65 гадоў не змаглі б выкруціцца, калі б ім давялося пагашаць непрадбачаныя расходы. Мы на пенсіі па старасці трацім 5,1 працэнта ВУП, а ЕС у сярэднім 9,6 працэнта ВУП. Хуткіх і цудоўных рашэнняў тут не будзе. Спачатку трэба павышаць частку ВУП на сацыяльныя патрэбы".

Міндаўгас Лінге сказаў на заканчэнне, што для Літвы таксама важна забяспечыць даступныя паслугі перакваліфікацыі для людзей старэйшага ўзросту і развіваць сектар паслуг для пажылых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі