Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
10 сакавіка 2020, 19:27

Дзярждума Расіі прыняла ў асноўным чытанні змяненні ў Канстытуцыю

10 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дзярждума Расіі сёння на пленарным пасяджэнні прыняла ў другім, асноўным, чытанні законапраект аб папраўцы ў Канстытуцыю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Змяненні былі ініцыяваны 20 студзеня прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Ужо 23 студзеня яны былі прыняты Дзярждумай у першым чытанні. Калі да першага чытання тэкст папраўкі займаў больш за 20 старонак, то да другога да гэтых змяненняў было ўнесена яшчэ каля 400 паправак. Амаль 200 паправак прыняты сёння Дзярждумай, сярод найбольш рэзанансных - абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў, згадванне Бога ў тэксце Асноўнага закона, забарона на заклікі да адчужэння тэрыторый РФ, прызнанне шлюбам толькі саюза мужчыны і жанчыны.

У цэлым папраўка прадугледжвае ўнясенне змяненняў у 22 артыкулы глаў Канстытуцыі "Федэратыўны лад", "Прэзідэнт РФ", "Федэральны сход", "Урад РФ", "Судовая ўлада і пракуратура", "Мясцовае самакіраванне". Так, новыя паўнамоцтвы атрымае парламент: Дзярждума будзе зацвярджаць кандыдатуры прэм'ер-міністра, яго намеснікаў і федэральных міністраў, пасля чаго яны будуць назначацца на пасады прэзідэнтам. Цяпер прэзідэнт толькі атрымлівае згоду Дзярждумы па кандыдатуры прэм'ер-міністра, а затым ужо сам назначае кіраўніка ўрада, яго намеснікаў і ўсіх міністраў. Пры гэтым прэзідэнт захавае за сабой права адхіляць ад пасады прэм'ер-міністра і федэральных міністраў, аднак адстаўка кіраўніка ўрада па новай норме не будзе азначаць аўтаматычную адстаўку ўсяго Кабінета міністраў.

У той жа час назначаць міністраў сілавога блока, якiя займаюцца пытаннямі абароны, бяспекі дзяржавы, унутраных спраў, юстыцыі, замежных спраў, прадухілення надзвычайных сітуацый і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, грамадскай бяспекі, прэзідэнт зможа пасля кансультацый з Саветам Федэрацыі. Акрамя таго, верхняя палата парламента будзе ўдзельнічаць у кансультацыях па кандыдатурах пракурораў рэгіёнаў, якія цяпер назначаюцца на пасаду прэзідэнтам па прадстаўленні генеральнага пракурора.

Паўнамоцтвы Савета Федэрацыі будуць пашыраны і ў адносінах да судовай сістэмы: сенатары змогуць спыняць па прадстаўленні прэзідэнта паўнамоцтвы суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага суда, суддзяў касацыйных i апеляцыйных судоў у выпадку здзяйснення апошнімі ўчынку, што зневажае гонар і годнасць суддзі. Акрамя таго, члены верхняй палаты парламента атрымліваюць права афіцыйна называць сенатарамі. У іх лік змогуць уваходзіць таксама не больш як 30 прадстаўнікоў, якія назначаюцца прэзідэнтам, з іх не больш як сем могуць быць назначаны пажыццёва.

Склад Канстытуцыйнага суда прапануецца скараціць з цяперашніх 19 да 11 суддзяў, а сам вышэйшы судовы орган атрымае права правяраць па запыце прэзідэнта федэральныя і федэральныя канстытуцыйныя законы, а таксама законы суб'ектаў РФ да іх падпісання, а не пасля ўступлення ў сілу, як цяпер.

Папраўка прадугледжвае замацаванне ў Канстытуцыі статусу Дзяржаўнага савета, які будзе фарміравацца прэзідэнтам. Разам з тым падрабязна мэты, задачы і функцыі Дзяржсавета плануецца вызначыць пазней асобным канстытуцыйным законам. Мяркуецца, што ў веданні Дзяржсавета будуць знаходзіцца пытанні як знешняй, так і ўнутранай палітыкі.

Для кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы прапануецца павялічыць з цяперашніх 10 да 25 гадоў неабходны тэрмін пражывання на тэрыторыі Расіі. Акрамя таго, для кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ўводзіцца забарона мець калі-небудзь замежнае грамадзянства або пасведчанне на права жыхарства ў іншай дзяржаве. Аднак апошняе патрабаванне, у адпаведнасці з папраўкай, не будзе распаўсюджвацца на тых, хто меў "грамадзянства дзяржавы, якая была прынята або частка якой была прынята ў Расійскую Федэрацыю ў адпаведнасці з федэральным канстытуцыйным законам".

Аналагічныя абмежаванні ў частцы замежнага грамадзянства або пасведчання на права жыхарства будуць распаўсюджаны таксама на вышэйшых службовых асоб суб'ектаў РФ, членаў Савета Федэрацыі, дэпутатаў Дзяржаўнай думы, прэм'ер-міністра, яго намеснікаў, федэральных міністраў, кіраўнікоў іншых федэральных дзяржаўных органаў і суддзяў за выключэннем таго, што яны маглі мець замежнае грамадзянства ў мінулым. Акрамя таго, прэзідэнту, як і іншым вышэйшым службовым асобам у РФ, папраўкамі прапануецца забараніць адкрываць і мець рахункі (уклады), захоўваць наяўныя грашовыя сродкі і каштоўнасці ў замежных банках, размешчаных за межамі тэрыторыі РФ.

Уводзіцца норма, згодна з якой Расія можа ўдзельнічаць у міждзяржаўных аб'яднаннях або перадаваць ім частку сваіх паўнамоцтваў у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі РФ, "калі гэта не вядзе да абмежавання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і не супярэчыць асновам канстытуцыйнага ладу РФ". Рашэнні міждзяржаўных органаў, якія супярэчаць Канстытуцыі, выкананню не падлягаюць.

Дэпутаты да другога чытання згадзіліся з папраўкай, што Расійская Федэрацыя з'яўляецца правапераемнікам СССР на сваёй тэрыторыі, адносна членства ў міжнародных арганізацыях, іх органах, удзелу ў міжнародных дагаворах, а "таксама адносна прадугледжаных міжнароднымі дагаворамі абавязацельстваў і актываў Саюза ССР за межамі тэрыторыі РФ".

У Канстытуцыі дзякуючы папраўцы, унесенай прэзідэнтам РФ, з'явіцца згадванне Бога. "Расійская Федэрацыя, аб'яднаная тысячагадовай гісторыяй, захоўваючы памяць продкаў, якія перадалі нам ідэалы і веру ў Бога, а таксама пераемнасць у развіцці Расійскай дзяржавы, прызнае дзяржаўнае адзінства, якое гістарычна склалася", - гаворыцца ў праекце новага артыкула 67.1 Асноўнага закона. Там жа згадваецца, што РФ "шануе памяць абаронцаў Айчыны, забяспечвае абарону гістарычнай праўды", не дапускаецца прыніжэння значэння подзвігу народа пры абароне Айчыны.

Новы выклад дзякуючы папраўкам атрымаў артыкул, які датычыцца дзяржаўнай мовы. "Дзяржаўнай мовай РФ на ўсёй яе тэрыторыі з'яўляецца руская мова як мова дзяржаваўтваральнага народа, які ўваходзіць у шматнацыянальны саюз раўнапраўных народаў РФ", - адзначаецца ў адобранай папраўцы.

Акрамя таго, змяненнямі прадугледжана, што месцам пастаяннага знаходжання асобных федэральных органаў дзяржаўнай улады можа быць іншы, акрамя Масквы, горад.

Прадугледжваецца, што трэцяе чытанне па змяненнях у Канстытуцыю можа адбыцца ў Дзярждуме ўжо 11 сакавіка. У выпадку іх адабрэння дакумент можа быць накіраваны на разгляд у Савет Федэрацыі ў той жа дзень. Затым законапраект павінен быць адобраны не менш як дзвюма трэцямі рэгіянальных заканадаўчых сходаў. Потым ён паступіць на разгляд у Канстытуцыйны суд і ў выпадку адабрэння будзе пакладзены на подпіс прэзідэнту. Канчатковае ж слова павінны сказаць грамадзяне Расіі на агульнанародным галасаванні па папраўцы да Канстытуцыі. Арыенціровачнай датай правядзення гэтага галасавання называецца 22 красавіка: гэты дзень плануецца аб'явіць у Расіі выхадным.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі