Сцяг Аўторак, 19 мая 2026
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 мая 2026, 09:05

"МЛ Віцебск" замацаваўся на першай пазіцыі ў табліцы чэмпіянату Беларусі

Фота sport5.by
Фота sport5.by
18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "МЛ Віцебск" замацаваўся на першым месцы ў турнірнай табліцы футбольнага чэмпіянату Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У гасцявым матчы восьмага тура з дзяржынскім "Арсеналам" віцябчане ўжо да сярэдзіны першага тайма забілі два мячы. Лік адкрыў малійскі форвард Басэку Дзіябатэ, а потым вызначыўся расійскі нападаючы Мікіта Глушкоў. У хуткім часе пасля перапынку абаронца дзяржынскага клуба Іван Арашкевіч адправіў мяч у свае вароты - 3:0 на карысць дзеючых чэмпіёнаў. Для "Арсенала" гэта першае паражэнне ў цяперашнім чэмпіянаце, "МЛ Віцебск" застаўся адзіным, хто яшчэ не прайграваў.

Магілёўскі "Днепр" на сваім полі згуляў унічыю з брэсцкім "Дынама" - 1:1. Абодва мячы былі забіты на працягу пяці мінут у сярэдзіне другой палавіны сустрэчы: спачатку Кірыл Кірыленка вывеў гаспадароў наперад, а потым Ягор Карцоў устанавіў канчатковы рэзультат.

У Наваполацку мясцовы "Нафтан" уступіў мазырскай "Славіі" з лікам 0:1. Адзіны гол забіў Ілья Кухарчык, які вызначыўся за дзесяць мінут да фінальнага свістка. Мазыране перапынілі сяміматчавую серыю без перамог у гульнях нацыянальнага першынства і Кубка краіны. Футбалісты жодзінскага "Тарпеда-БелАЗа" ў сябе дома разышліся мірам з "Віцебскам" - 1:1.

Раней футбалісты "Мінска" выйгралі чацвёрты паядынак запар, разграміўшы на сваім полі бабруйскую "Белшыну" - 5:1. Гродзенскі "Нёман" прайграў у сябе дома "Іслачы" з Мінскага раёна - 0:1, а "Гомель" пасля пяціматчавай бяспройгрышнай серыі пацярпеў паражэнне на сваёй арэне ад дэбютантаў вышэйшай лігі футбалістаў "Баранавіч" - 2:3. Для іх гэта першая вікторыя ў элітным дывізіёне чэмпіянату краіны.

У заключным матчы гэтага тура 20 мая барысаўскі БАТЭ прыме на сваім полі сталічнае "Дынама". У мінулую суботу гэтыя сапернікі сустракаліся ў вырашальным паядынку розыгрышу Кубка Беларусі, і тады барысаўчане здабылі перамогу ў серыі пасляматчавых пенальці.

Становішча ў групе лідараў цяпер такое: "МЛ Віцебск" - 20 ачкоў (8 матчаў), "Дынама" (Мінск) - 16 (7), "Мінск" - 16 (8), "Нёман" - 14 (8), "Гомель" - 14 (8). Унізе турнірнай табліцы знаходзіцца "Нафтан", у якога 3 ачкі, у актыве "Баранавіч" і БАТЭ па 5 заліковых балаў. Бамбардзірскую гонку ўзначальвае нападаючы "Гомеля" Цімафей Сіманенка, які забіў 5 мячоў.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі