Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 чэрвеня 2019, 16:46

Мемарандум аб супрацоўніцтве падпісаны паміж федэрацыямі дзюдо Беларусі і Сербіі

23 чэрвеня, Мінск /Павел Горбач - БЕЛТА/. Сёння ў спарткомплексе "Чыжоўка-Арэна" падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускай федэрацыяй дзюдо і Федэрацыяй дзюдо Сербіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дакумент падпісалі кіраўнік беларускага аб'яднання Павел Ясяноўскі і старшыня сербскай федэрацыі Іван Тодараў. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Баравуля і прэзідэнт Еўрапейскага саюза дзюдо Сяргей Салавейчык.

Намеснік міністра адзначыў, што развіццю ўзаемаадносін Беларусі і Сербіі на самым высокім узроўні ўдзяляецца шмат увагі. "Паміж нашымі краінамі склаліся цёплыя, дружалюбныя адносіны. І нам, безумоўна, вельмі прыемна, што сувязі працуюць і на ўзроўні федэрацый. Мы лічым, што падпісанне гэтага мемарандума дасць магчымасць больш паглыбіць нашы адносіны, узмацніць абмен спартыўнымі дэлегацыямі. Будзем прыкладаць намаганні, каб сербскія калегі і дзюдаісты прыязджалі і выступалі ў нас", - сказаў Аляксандр Баравуля.

Прэзідэнт Еўрапейскага саюза дзюдо дадаў, што ў арганізацыі існуе мноства цікавых праграм, якія рэалізуюцца ў 51 федэрацыі, што ўваходзіць у саюз. "Але вельмі прыемна, калі дзве федэрацыі непасрэдна дагаворваюцца аб тым, што яны будуць супрацоўнічаць, знаходзіць магчымасці для сумесных трэніровак, развіцця праграм для дзяцей і бацькоў, трэнераў. Упэўнены, што гэта прынясе добрыя вынікі як дзвюм федэрацыям, так і Еўрапейскаму саюзу дзюдо. Мы спадзяёмся, што гэта супрацоўніцтва будзе прадаўжацца доўгія гады", - падкрэсліў ён.

Першыя ўзнагароды сярод дзюдаістаў былі разыграны ў Мінску 22 чэрвеня. У другі дзень спаборніцтваў у спарткомплексе "Чыжоўка-Арэна" лепшыя з дзюдаістаў падзеляць чатыры камплекты ўзнагарод: жанчыны ў вазе 63 кг і 70 кг і мужчыны 73 кг і 81 кг. На татамі сёння выйшлі і тры беларускія спартсмены: Вадзім Шока, Вікторыя Новікава і Жанна Асіповіч. Спаборніцтвы сярод дзюдаістаў прадоўжацца да 25 чэрвеня.

II Еўрапейскія гульні праходзяць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. У іх удзельнічаюць больш за 4 тыс. спартсменаў з 50 краін. Спаборніцтвы прымаюць 12 спартыўных аб'ектаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі